Польшча хоча стаць стартап-цэнтрам Цэнтральнай і Усходняй Еўропы


Маеш рэдкую бізнес-ідэю і хочаш хутка зарабіць на ёй – можаш заснаваць стартап. Суседняя Польшча плануе стаць стартапавым цэнтрам Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ды запрашае наватараў пераехаць і разбагацець. Найперш гэта датычыць лічбавай сферы. Алесь Папко распавядзе, у чым рэч.

«Пры дапамозе нашай аплікацыі мы можам знайсці тавар, распазнаць яго на паліцы, купіць яго літаральна за два клікі, аплаціць яго, убачыць чэк, узяць гэты тавар і сысці з ім, аплаціўшы яго».

Менскі праграміст Вадзім Цітоў прыехаў у Варшаву тры месяцы таму развіваць сваю бізнес-ідэю.Яго прыкладанне «Scan and Buy» сталася адным з васьмі пераможцаў конкурсу, зарганізаванага фондам «Startup Hub Poland» і дзяржаўным Агенцтвам падтрымання прадпрымальніцтва.

«Фірма мае прадэманстраваць новую, нябачаную раней тэхналогію. Гэтая тэхналогія павінная мець патэнцыял масавага выкарыстання. Трэці крытэр – каманда. У ёй павінныя быць дасведчаныя людзі», – кажа Вікас Мальготра, «STARTUP HUB POLAND».

На грант 50 тысяч еўраў і бясплатную дапамогу ў рэгістрацыі фірмы год таму прэтэндавалі ажно 400 праектаў. Столькі ж брала ўдзел у конкурсе і летась.

«Спачатку мы дапамагаем ім зарэгістраваць тут фірмы, а затым арганізуем сустрэчы з настаўнікамі, бізнес-партнёрамі і патэнцыйнымі інвестарамі. Такім чынам мы дапамагаем стартапам стварыць план развіцця сваёй фірмы ў Польшчы», – распавядае Малгажата Скарупа, «STARTUP HUB POLAND».

Мы не стымулюем выцеку мазгоў, а дапамагаем фірмам адкрываць новыя філіялы і выходзіць на шырэйшы рынак, заяўляюць арганізатары конкурсу.

«Я быў у Менску не так даўно і гутарыў са стартаперамі. У іх бліскучыя ідэі і тэхналогіі. Але ім бракуе ўмення прадаваць, развіваць сваю фірму. І мы можам дапамагчы ім у гэтым, навучыць працаваць з кліентамі ў Польшчы, у Еўропе, ЗША», – дадае Вікас Мальготра са «STARTUP HUB POLAND».

Прыклад такога праекту – літоўскі «iDenfy». Тэхналогія праграмістаў з Коўна дазваляе фірмам імгненна спраўдзіць дакументы і пацвердзіць асобу кліента. Домантас Чулдзе, кампанія «iDenfy», каментуе:

«Нашым першым рынкам быў родны, літоўскі. Мы задумваліся над пашырэннем бізнесу і палічылі, што Польшча – выдатны рынак, каб працягваць расці».

Адныя стартапы Варшава прыцягвае шырокім рынкам, другія – абаронаю правоў уласнасці, трэція – падтрыманнем у развіцці бізнесу. У гонку за светлымі галовамі з Усходняй Еўропы ўступілі таксама Латвія і Літва. Канкурэнтаў беларускія ІТ-фірмы не баяцца, але прызнаюць, што замежныя стартапы ў Менск не едуць. Стваральнік парталу Tut.by Юрый Зісер тлумачыць:

«Тым больш нам трэба старацца, тым лепш нам трэба працаваць, тым больш выхоўваць бізнес-асяроддзе і намагацца, каб як мага менш было «пасадак» бізнесоўцаў і крымінальных справаў, кшталту «справы БелТА». У нас усё будзе добра, калі мы нікога не будзем распуджваць».

Польшча пераймае амерыканскі досвед і актыўна запрашае да сябе стартапы з усяго рэгіёну. Калі раней праграмісты з Беларусі, Украіны, Расеі маглі развіваць свае фірмы, з’язджаючы за акіян, то цяпер яны могуць гэта рабіць нашмат бліжэй дому.

Аляксандр Папко, belsat.eu