Польшча абірае прэзідэнта

Сёння ў Польшчы стартаваў першы тур прэзідэнцкіх выбараў. Прыходзіць на выбарчыя ўчасткі, каб аддаць свой голас за кандыдата, грамадзяне пачалі ўжо з сёмай раніцы. Апошняга ж бюлетэня чакаюць да 9-й вечара.

Больш за 27 тысячаў выбарчых участкаў па ўсёй краіне – поўныя наведнікаў. І гэта пры тым, што прагаласаваць сёлета можна было таксама праз пошту. З якімі чаканнямі прыйшлі людзі?

«Чакаем, што сітуацыя не пагоршыцца. Лічым, што цяпер усё някепска».

«Каб была стабільнасць. Галасую за тую асобу, якая гэтую стабільнасць у маім разуменні можа забяспечыць».

«Спадзяюся, штосьці зменіцца. Маю ўражанне, што цяпер манаполія, калі казаць пра ўладу. Мяркую, што для раўнавагі патрэбныя змены».

«Чакаю зменаў перадусім, каб было добра, каб нарэшце можна было спакойна жыць».

Пандэмія каронавіруса ўнесла і іншыя карэктывы ў выбарчую кампанію. З траўня галасаванне перанеслі на апошнюю нядзелю чэрвеня. На найвышэйшую пасаду ў краіне прэтэндуюць адзінаццаць кандыдатаў, сярод якіх – дзейны прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

«Заклікаю ўсіх маіх суайчыннікаў узяць удзел у выбарах, скарыстацца гэтым правам – правам голасу, самым важным правам, якое застаецца апораю дэмакратыі. На мой погляд, гэта таксама грамадзянскі абавязак – вызначыць лёс сваёй краіны», – сказаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

Анджэй Дуда, прадстаўнік кіроўнай партыі «Закон і справядлівасць», паабяцаў выбарнікам захаваць дзейную эканамічную праграму, што прадугледжвае сацыяльныя выплаты сем’ям. Ягоным галоўным канкурэнтам лічаць мэра Варшавы і прадстаўніка «Грамадзянскай кааліцыі» Рафала Тшаскоўскага. Насуперак кансерватыўным поглядам «Закону і справядлівасці», ён выказваецца за большую інтэграцыю з Еўразвязам ды падтрымлівае пашырэнне правоў для ЛГБТ-супольнасці.

«Гэтыя выбары – важныя для Еўропы, бо вызначаецца будучыня Польшчы: або мы застанёмся на ўскрайку з такога кшталту ўрадам, або станем цэнтрам, што прымае самыя важныя рашэнні», – кажа кандыдат на прэзідэнта Польшчы Рафал Тшаскоўскі.

Сярод фаварытаў выбарчай гонкі таксама называюць журналіста Шымана Галоўню, вядомага антысістэмнымі поглядамі.

Паводле прагнозаў, аднак, ніводны з кандыдатаў не набярэ ў першым туры больш за пяцьдзясят адсоткаў галасоў. Другі тур выбараў у гэтым выпадку адбудзецца 12-га ліпеня.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама