Плюс тры. У 2021-ым беларусаў прыцісне падаткамі


А каб плаціць прэміі і надбаўкі міліцыянтам, спецназу і КДБ, бюджэту трэба грошы. А грошы ў бюджэце бяруцца з падаткаў. У наступным годзе платным хочуць зрабіць праезд праз мяжу на аўтамабілі, дарожны збор – зробіцца абавязковым для аплаты і павысяцца стаўкі падатку на прыбытак для шэрагу суб’ектаў. У тым ліку для «святарных кароваў» Лукашэнкі.

80 рублёў неўзабаве можа каштаваць узняцце шлагбауму для выезду аўтамабілем за мяжу… Новая прапанова Міністэрства фінансаў беларусаў не ўсцешыла.

Гарадзенцы каментуюць:

«А чаму я павінен плаціць за тое, што я некуды еду?»

«Не заўжды ж прычына выезду – узбагачэнне, магчыма, што за мяжою ў цябе сустрэча з блізкім чалавекам».

«Які тады сэнс ехаць за мяжу на ўласным аўтамабілі. На мой погляд гэта папросту »абдзіранне« народа».

«Я лічу ўвогуле што не трэба гэтага падатку плаціць, навошта гэта трэба?»

«Сацыяльная дзяржава» Лукашэнкі перастала існаваць на пачатку стагоддзя, але расчараванне народа ў дзяржаве – настала толькі сёлета, – сказаў «Белсату» кіраўнік праекту «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін.

Замест ратаваць палітычны імідж і эканоміку, улада ўсё глыбей улазіць у людскія гаманцы. З наступнага году на змену транспартнаму падатку, які плацілі падчас тэхагляду (а праходзіў яго не кожны) з’явіцца дарожны падатак.

«Калі ў вас ёсць аўтамабіль, то давядзецца плаціць незалежна ад таго ездзіце вы ці не, зловяць вас ДАІ ці не зловяць. Бо гэтым ужо будзе займацца падатковая інспекцыя», – распавёў Уладзімір Кавалкін.

Мінфін плануе ў пераходным 2021 годзе сабраць Br 100 млн, і ўжо Br 500 млн у 2023 годзе. Яшчэ Br 800 млн афіцыйна – на змаганне супраць каронавірусу збяруць з кампаніяў галіны інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў. Для іх плануюць часова павысіць стаўкі падатку на прыбытак з 9 % да 13 %.

«У такім выпадку інвестыцыі скарачаюцца. Што датычыць звычайных працоўных, праграмістаў і тых, хто працуе ў ІТ-галіне, для іх будзе больш стымулаў для рэлакацыі», – канстатуе Кавалкін.

Кіраўнік «Навукова-даследчага цэнтру Мізэса» Яраслаў Раманчук даводзіць, што ў апошнія 7 гадоў падатковы цяжар – галоўная праблема айчыннага бізнесу:

«І замест таго каб знізіць гэты цяжар (бо палова эканомікі ўжо ў руінах), яны яшчэ больш дабіваюць. Я думаю што людзі, якія высоўваюць такія прапановы, потым на судзе скажуць »вось менавіта мы дабілі гэты рэжым сваімі прапановамі!».

Лідарам па недарэчнасці ў падатковай сістэме новага стагоддзя беларусы адзінагалосна называюць…

«…падатак на дармаедства… Як у прынцыпе можна такое прыдумаць і ўсурʼёз замацаваць на дзяржаўным узроўні?», – дзівіцца гарадзенка.

Фактам ёсць, што такога тыпу падаткаў не існуе ў аніводнай дэмакратычнай краіне.

Юлія Цяльпук, belsat.eu