Плошча пераменаў у аблозе

Сілавікі фактычна ўзялі некалькі дамоў на плошчы Пераменаў у аблогу: правяралі пашпарты і затрымлівалі грамадзянаў, якія не мелі рэгістрацыі ў навакольных дамах.

«Каля 15 гадзін мы там прабылі, нас было шэсць для пачатку. А ў 9 гадзін дзве дзяўчыны пастараліся выбрацца адтуль. Іх затрымалі адразу ж ля пад’езду. У кватэры былі гаспадары з маленькай дачкой, дачка хварэла, вельмі душна было», – расказвае наведнік мемарыялу і пратэстовец.

Не кожны быў гатовы ратаваць пратэстоўцаў, якія шукалі сховішча.

«Адзін паверх прабег, нам не адкрылі, хоць чуваць было, што падыходзілі да дзвярэй. І сабакі брахалі, і дзеці былі», – кажа пратэстовец.

Мы паразмаўлялі з васьмю людзьмі, якія правялі ноч у чужых кватэрах. Усе яны распавядаюць, што сілавікі грукалі ў кватэры некалькі разоў за ноч і пагражалі выламаць дзверы.

Юрыст Андрэй Сыцько кажа, што ў пэўных сітуацыях дзверы сапраўды могуць узламаць:

«Калі ў гэтых кватэрах знаходзяцца падазраваныя па крымінальных справах або абвінавачаныя…. Нават у ліхія 90-я ўломванне ў кватэры практыкавалася, калі ў гэтых кватэрах хаваліся злачынцы».

Сёння раніцаю людзі выйшлі з чужых кватэраў. Усяго па падліках тых, з кім мы пагаварылі, у дамах на плошчы Пераменаў хаваліся ад ста да двухсот чалавек.

Мемарыял Раману Бандарэнку сілавікі разбіралі да позняга вечара.

«Адразу з такім дзікім парывам злупілі палатку, потым пачалі плакаты зрываць. Менавіта амапаўцы да прыезду камунальнікаў. ….. Зрываў плакат і фатаграфаваўся», – расказвае наведніца мемарыялу, пратэстоўца.

Кветкі ды знічы перавезлі на Паўночныя могілкі. Кветкі стаяць у вёдрах без вады. У сметніцы ляжыць партрэт Рамана Бандарэнкі.

У адміністрацыі Цэнтральнага раёну заявілі: «Далікатна пераносяць кветкі, знічы ды іншыя прынесеныя гараджанамі рытуальныя прадметы ў спецтэхніку, якая адвозіць іх на адмыслова вылучаны ўчастак на Паўночных могілках».

Паводле жыхароў плошчы Пераменаў, мемарыял плануюць аднавіць. Але пакуль сітуацыя там неспакойная. Мы не можам паказаць вам плошчы Пераменаў зблізку. Нават цяпер, а трэцяй гадзіне дня, тэрыторыю пастаянна патрулююць шасцёра міліцыянтаў, а ў двары стаяць міліцэйскія бусы. Людзей усцяж затрымліваюць: прыблізна дзве гадзіны таму схапілі двух чалавек. Сёння па ўсёй краіне нягледзячы на забароны людзі ствараюць мемарыялы памяці Рамана Бандарэнкі. Камунальнікі прыбіраюць, але людзі знаходзяць новыя месцы для кветак і знічоў.

Алена Дубовік, «Белсат»

Глядзі таксама