Плаці або пратэстуй! Засталося тры тыдні, каб сплаціць дармаедскі падатак


Дзясяткам тысячаў беларусаў засталося роўна тры тыдні, каб вырашыць, што рабіць з атрыманымі «лістамі шчасця». Нехта пайшоў шляхам найменшага супраціву і ўжо пералічыў грошы за сумнеўны падатак на «дармаедства». Тыя, хто не лічаць сябе сацыяльнымі ўтрыманцамі, змогуць у лютым ды сакавіку выйсці з пратэстам і нават выбіраць, да якой «недармаедаўскай» акцыі далучыцца.

Выцягнуць беларусаў з кухань і сацыяльных сетак

У Менску запланаваныя як мінімум тры антыдармаедаўскія акцыі, але задача адная – выцягнуць беларусаў з кухань і сацыяльных сетак. Пакуль апошняй у «недармаедаўскім» календары стаіць акцыя 15 сакавіка, але заяўку на яе правядзенне падалі ўжо цяпер.

Арганізатары, а гэта каля дзясяткі структураў, ад «зялёных» і камуністаў да АГП і Руху «За свабоду», кажуць: пайшлі па лёгкім шляху, заяўку падалі на стандартнае шэсце, каб мець магчымасць атрымаць дазвол на правядзенне акцыі ды тым самым прыцягнуць як мага больш удзельнікаў.

Маршрут адносна ліберальны, падыходзячы і для пратэстоўцаў і для ўладаў

«Ад Акадэміі Навук шэсце на Бангалор менавіта з адною мэтаю, каб сапраўды пазбегнуць любых інсінуацый, каб марш быў дазволены», – тлумачыць Дзяніс Садоўскі з партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя».

Сярод іншых акцыяў, на 7-га лютага «Гавары праўду» плануе сход «дармаедаў», а Беларускі нацыянальны кангрэс абяцае 17 лютага «Марш супраць пабору ўладаў». Магчыма, да сталічных акцыяў падключацца і рэгіёны.

Аплаціць «падатак на дармаедства» неабходна не пазней за 20 лютага

Іначай тым, хто афіцыйна не працуе, пагражае штраф, які ўсё адно не пазбавіць ад аплаты падатку, толькі да Br 460 дадасца яшчэ і пеня.

Прэзідэнцкі Дэкрэт № 3 аб сацыяльным утрыманстве стаўся свайго роду тэстам на грамадскую актыўнасць. Хтосьці шукае варыянты, як пазбегнуць гэтага падатку, напрыклад, праз рэгістрацыю рамеснікам або рэпетытарам. Іншыя рыхтуюцца пісаць скаргі і судзіцца. Нехта проста чакае, што дэкрэт адменяць.

Колькі незадаволеных дэкрэтам № 3 пойдуць на абвешчаныя маршы?

Цягам гадзіны «Белсат» сустрэў дзясяткі абураных прэзідэнцкім дэкрэтам і ніводнага, хто быў бы гатовы далучыцца да акцыі ўжо цяпер.

Усяго падатковыя інспекцыі налічылі ў краіне больш за 440 тысяч дармаедаў

Паводле пачатковых падлікаў, улады планавалі штогод атрымліваць каля 80 млн долараў з беларусаў, якія афіцыйна нідзе не працуюць. Але пакуль вынікі масавага закідвання беларусаў «лістамі шчасця» выглядаюць нашмат больш сціпла. Цягам студзеня падатак «на дармаедства» заплацілі 34 тысячы беларусаў. Бюджэт атрымаў крыху больш за 10 млн рублёў. А Беларусь атрымала рэпутацыю ледзь не краіны, дзе на заканадаўчым узроўні прапісалі прымусовую працу.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters