Планы пасля (не)рэгістрацыі


Байкот выбараў – гэта капітуляцыя, аднак заклікаць на плошчу людзей 9 жніўня пакуль не збіраецца. Гэткую стратэгію агучыў зарэгістраваны кандыдатам на прэзідэнцтва сустаршыня кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў. Сёння палітык прайшоўся галоўнымі вуліцамі Менску і раздаў паштоўкі, прапанаваўшы даслаць іх беларускім палітвязням.

«Мы нікога не заклікаем, я гэта раблю сам, што датычыцца вострых рэакцый праваахоўнікаў, я спадзяюся, што яе не будзе не толькі ў дачыненні да мяне, але яны ўсё ж такі прааналізуюць, што адбываецца, і зразумеюць, што іх вострая рэакцыя толькі падвышае градус і напружанне ў Беларусі», – распавёў кандыдат на прэзідэнта Беларусі Андрэй Дзмітрыеў.

Учора Цэнтрвыбаркам адмовіўся рэгістраваць Віктару Бабарыку і Валера Цапкалу. У адказ – мірна ды нават без лозунгаў – грамадзяне па ўсёй Беларусі выйшлі на стыхійныя пратэсты. АМАП і міліцыянты ў цывільным жа – сілаю пацягнулі людзей у аўтазакі. Некаторыя пратэстоўцы пачалі адбівацца.

«Міліцыя фактычна сваймі дзеяннямі справакавала вось такія канфлікты і ўсяляк ажыццяўляла перашкоды і пераслед людзей, якія выходзілі на мірную акцыю пратэсту», – мяркуе старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Сёння Следчы камітэт распавёў пра распачатую крымінальную справу аб арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх. Паводле прэсавай службы МУС, пацярпелі шасцёра міліцыянтаў, чацвёра з іх – у шпіталі. Гэта другая сёлета крымінальная справа за гвалт у дачыненні міліцыянтаў. Паводле яе ж пад арыштам апынуўся блогер Сяргей Ціханоўскі ды муж кандыдаткі на прэзідэнцтва Святланы Ціханоўскай.

«Улады хочуць любым шляхам хвалю пратэстаў, а як гэта зрабіць? Натуральна, трэба выключна вось такімі акцыямі карнымі, скажам так, зрабіць, калі на людзей будуць нападаць АМАПаўцы, збіваць, а потым – узбуджаць крымінальныя справы і садзіць людзей, каб запалохаць проста», – лічыць старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Пра гатовасць пікетаваць мірна, але ў дазволеных для агітацыі месцах сёння абвесціў Валер Цапкала. Незарэгістраваны кандыдатам вылучэнец працягвае працу ў абскарджанні подпісаў за яго, прызнаных несапраўднымі, ды вядзе перамовы з штабамі іншых кандыдатаў.

«Мы будзем цяпер весці кансультацыі з усімі палітычнымі сіламі, якія хочуць пераменаў, мы будзем рабіць сумесную стратэгію гэтых пераменаў у Беларусі, як яе дамагчыся, якімі спосабамі», – распавёў вылучэнец у кандыдаты на прэзідэнцтва Валерый Цапкала.

Валер Цапкала распавёў, што, між іншага, абмяркуе далейшы ўдзел у выбарах са Святланаю Ціханоўскай. Азіраючыся на перашкоды падчас збору подпісаў, ейная рэгістрацыя цяпер сталася шмат для каго нечаканаю.

«Сама Святлана і тады, і цяпер кажа, што ўласна яна ідзе на выбары не таму, што прэтэндуе на пасаду прэзідэнта, а каб падтрымаць свайго мужа Сяргея. Улады гэта разумеюць і таму не бачаць у ёй вялікага канкурэнта», – мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч.

Пра гатовасць аб’яднацца з іншымі кандыдатамі гэтаксама публічна абвесцілі Андрэй Дзмітрыеў ды Сяргей Чэрачань. Штаб Віктара Бабарыкі пакуль сканцэнтраваўся на скаргах у Выбаркам і Вярхоўны суд наконт нерэгістрацыі свайго вылучэнца. Святлана Ціханоўская, у сваю чаргу, запісала відэазварот да міліцыі і АМАПу з патрабаваннем спыніць гвалт у дачыненні грамадзянаў.

Юлія Лабанава, «Белсат»