Планавая амністыя: трапяць да 6,5 тысячаў чалавек, вызваліць могуць – кожнага трэцяга


Амністыя мае закрануць перадусім бацькоў-адзіночак, інвалідаў, цяжарных жанчын, ліквідатараў аварыі на ЧАЭС і тых, хто здзейсніў злачынства ўпершыню.

Васіль Завадскі, выканаўчы дырэктар СІУ «ТаймАкт»:

«Ён атрымаў пакаранне за нейкае сваё злачынства – гэта адзін кампанент, другі – гэта прафілактычны, навука іншым, каб не рабілі такога злачынства, а з другога боку, каб гэты чалавек па вызваленні не рабіў такіх злачынстваў. Калі гэтыя мэты дасягнутыя, то якраз амністыя – гэта інструмент, каб такі чалавек раней тэрміну мог вярнуцца ў грамадства».

На сённяшні момант у Беларусі ў месцах зняволення застаюцца каля 36 тысячаў чалавек. Гэта ставіць нашую краіну на 25 радок у сусветным рэйтынгу колькасці зняволеных – 343 асобы на 100 тысячаў насельніцтва. Гэта найвышэйшы паказнік сярод еўрапейскіх краінаў.

Алег Волчак, «Прававая дапамога насельніцтву»:

«Моладзь да 25-30 гадоў таксама трэба вызваляць, інакш яна там проста крыміналізуецца, і будуць пасля цяжкія наступствы, працаўладкаваць яе нармальна. І ўвогуле ў нас вельмі вялікія тэрміны, трэба гуманізацыю Крымінальнага кодэксу правесці, у нас вельмі жорсткі Крымінальны кодэкс».

А як бачыцца такое стаўленне да пакарання грамадзянаў самім беларусам?

«Я лічу, што вельмі часта ў нас выкарыстоўваюцца суровыя пакаранні, і што гэта з’яўляецца спадчынай савецкай сістэмы».

«Можна неяк прасцей ставіцца да дробных парушэнняў і менш саджаць».

«Напэўна, вінаватая сістэма, я так думаю. Нашыя законы шмат у чым недапрацаваныя».

«Так, у нас шмат людзей сядзіць у турме, але ў нас парадак. І дзякуй Богу за гэта», – кажуць жыхары Менску.

Працай зняволеных у Беларусі карыстаюцца 15 дзяржаўных прадпрыемстваў, 3 філіялы і 9 пазабюджэтных майстэрняў. Паводле Руху маці 328, летась яны заплацілі ў бюджэт на 50 адсоткаў больш падаткаў, чым структуры Міністэрства прамысловасці. Міжнародная арганізацыя працы ацэньвае такі стан як прыхаваную форму рабства.

Алег Волчак, «Прававая дапамога насельніцтву»:

«Фактычна людзі там зарабляюць па 700-1000 рублёў, але ім выплачваюць па адным рублі – гэта ўжо не навіна. Маржа гэтая застаецца, куды яна дзяваецца? Я ведаю, што частка такой прадукцыі ідзе ў Еўразвяз. Таму дзяржаве выгадна, што яна цяпер робіць, утрымліваць такую рабскую працу».

Галоўнай жа адметнасцю сёлетняй амністыі можа стаць распаўсюджванне яе на асуджаных па 328 наркатычным артыкуле, з якім сядзіць каля траціны ўсіх зняволеных. Амністыя не закране толькі асуджаных паводле 4-й і 5-й – найбольш цяжкіх частках гэтага артыкулу.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu