Аб'ектыў 04.08.2018 Піт Паўлаў пра Кулінковіча: «На ягонае месца ніхто не стане, не прыйдзе, не заменіць»


Згасла адная з найярчэйшых зорак року 90-ых. Памёр заснавальнік і вакаліст гурта «Нейра Дзюбель», паэт, журналіст Аляксандр Кулінковіч. Яму было ўсяго 46.

Назаўжды застануцца ягоныя песні, знаёмыя шмат каму з дзяцінства. Не для аднаго пакалення хрыплы голас Кулінковіча стаў голасам свабоды і пратэсту.

«Рок-н-рол – на яго мы раўнялісь заўсёды. У гэтым, я лічу, сакрэт нашай любові да публікі і любові публікі да нас – у тым, што мы заўсёды раўняліся на рок-н-рол. А рок-н-рол – ён вечны», – казаў Кулінковіч.

Сёння словы спраўдзіліся: рок-н-рол застаўся – і праз яго застанецца памяць пра музыку, які проста выходзіў – і аддаваў сябе людзям.

«Мы ганарымся тым, што наш выступ для любога фармату, для любой колькасці гледачоў заўсёды аднолькавы», – распавядаў Аляксандр.

Для яго галоўная была сцэна. І перажываў цяжкія часы, калі за падтрымку дэмакратычнае супольнасці трапіў у «чорны спіс» ідэолагаў. Працаваў калумністам у «СБ. Беларусь сегодня». Не жадаў быць пад забаронаю. Ды нават адмовіўся ад выступу на канцэрце на Дзень Волі сёлета, выклікаўшы хвалю крытыкі нервоваю рэакцыяй. Але назаўжды застанецца музыкам.

«Саша быў адзін з нас. Таму тады, калі нехта такі, як Саша, знікае, проста тады адчуваеш, што ён незаменны. На ягонае месца ніхто не стане, не прыйдзе, не заменіць. Гэтае месца проста застанецца пустое», – лічыць музыка Піт Паўлаў.

Сяргей Падсасонны, «Белсат». Фота: Таццяна Менская

Глядзі таксама
Каментары