Пінчук упаў у зазор паміж вагонам і перонам, «Белчыгунка» нават не выбачылася. Мужчына шукае справядлівасці ў судзе


Больш за год пінчук Раман Бурэнка патрабаваў справядлівасці ад беларускай чыгункі. Летась у ліпені на станцыі «Берасце-Цэнтральны» ён упаў у зазор паміж вагонам і перонам. За чэрапна-мазгавую траўму і раны канцавінаў мясцовае аддзяленне «Белчыгункі» нават не палічыла патрэбным выбачыцца. Ці не давядзецца ў выніку выплаціць кампенсацыю – пачалі высвятляць сёння на першым судовым паседжанні.

Здавалася б – 40 сантыметраў, а менавіта столькі складае зазор паміж нядаўна адрэстаўраваным берасцейскім вакзалам і дзвярыма на большасці цягнікоў – усяго паўкроку. Але гэта толькі тады, калі ты не нясеш падарожных торбаў. У гэтым прыкрым уласным прыкладзе пераканаўся пінчук Раман Бурэнка.

«Як выходзіў, то ўпаў і мне пару сантыметраў не хапіла каб дацягнуцца нагою да перону. Вельмі цяжка было гэтую адлегласць пераадолець з торбамі. Я памятаю, што мужчына падхапіў мяне, жанчыны, выцягнулі мяне, я сяджу акрываўлены і што здзівіла – побач прайшлі міліцыянеры, нават не глянулі, не давялі да медпункту», – распавядае Раман Бурэнка.

Распавёў «Белсату» пацярпелы праз некалькі месяцаў пасля здарэння. Магчыма, прычына абыякавасці ў тым, што пра гэтую праблему на станцыі «Берасце-Цэнтральны» ведае кожны. Прынамсі кожны з апытаных намі пасажыраў.

«Ну, калі з торбамі – цяжка. А так у прынцыпе нармальна. Але з торбамі – вельмі цяжка».

«Канешне не выгодна вельмі. Асабліва, калі ў пажылога чалавека не такая добрая каардынацыя, то натуральна вельмі цяжка».

«Я на сваёй шкуры перажыла такую сітуацыю. Калі ствараецца такі зазор то па-неасцярожнасці, ці проста спяшаючыся, пасажыр лёгка можа ўпасці».

Раману Бурэнку спатрэбілася амаль тры месяцы на тое, каб атрымаць страхоўку ад Беларускай чыгункі – такое права гарантуе квіток на адпаведны маршрут. Да суда пінчук звярнуўся да кіраўніка мясцовага аддзялення Беларускае чыгункі, але там мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён выходзіў з вагону… задам. Але экспертызы судмедэкспертаў і транспартавай пракуратуры не ўсталі на бок чыгункі.

«Яны прызналі факт тэхнічнага парушэння – адлегласць паміж першай ступенькай пасажырскага вагону ў дызельным цягніку і платформай на Варшаўскім баку перавышае нарматыўныя патрабаванні, усталяваныя санітарнымі нормамі», – кажа праваабаронца Уладзімір Малей.

А нормы кажуць, што гэты зазор мае быць прыкладна ўдвая меншы. І сёння Раман Бурэнка ўзброены вынікамі экспертызаў, што пацвярджаюць ягоную версію здарэння ў судзе патрабуе кампенсацыі маральнае шкоды на 2 тысячы рублёў і расходаў на тыя экспертызы на больш як 220 рублёў. Але галоўная мэта – не ў грошах.

«Ад суда чакаю справядлівага вырашэння гэтае спрэчкі, а таксама пастановы пра выпраўленне гэтых парушэнняў. Гэта ня можа працягвацца бясконца. Ужо пацярпелі больш за дзесяць асобаў і пасля мяне яшчэ тры асобы пацярпелі – калісьці гэта трэба прыводзіць да ладу», – кажа Раман Бурэнка.

Калі б і іншыя пацярпелыя вырашылі змагацца за свае правы да апошняга, то хто ведае – можа б, Раману не давялося б цяпер даводзіць справу да суда.

УШ belsat.eu