Пікетоўцаў у Курапатах ізноў ледзь не пераехаў аўтамабіль


Два тыдні працягваецца супрацьстаянне грамадскіх актывістаў і ўладальнікаў рэстарацыі «Поедем поедим» каля ўрочышча Курапаты. Сёння пікетоўцаў наведаў пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў, якога ўнутр установы не пусцілі, назваўшы не пажаданаю асобаю. А на пад’ездзе да рэстарацыі з чорнага ходу, на месцы паваленых раней крыжоў, зʼявіўся шлагбаум.

Варту ў Курапатах грамадскія актывісты нясуць штодня з 12-ай гадзіны да поўначы. У часе інтэрв’ю «Белсату» з лідарам партыі БНФ яшчэ адзін кіроўца ледзь не наехаў на пікетоўцаў, якія блакуюць пад’езд да рэстарану.

Такі інцыдэнт здарыўся і напярэдадні. Былая вядоўца Белтэлерадыёкампаніі разам з мужам наехалі аўтам на двух пікетоўцаў. Падрабязнасці «Белсату» распавёў Яўген Батура.

«Літаральна ў натоўп уехаў, ён бачыў людзей, не скажу, што ў мяне моцная траўма, але сіняк ёсць. Ён спыніўся, а потым яшчэ раз даў газ і пракаціў чалавека на капоце. Гэта ўсё здымалі на камеры супрацоўнікі ці КДБ, ці міліцыі», – распавядае Яўген Батура.

Тых, хто спрабаваў пратараніць учора пратэстоўцаў, пазналі: высветлілася, што гэта Іван Ермакоў з жонкаю. Апошняя некалі працавала на тэлеканале «Беларусь 3», праўда, цяпер, паводле Белтэлерадыёкампаніі, на тэлебачанні не працуе.

«Стэла Чыркова, якую назвалі дзейнаю вядоўцаю каналу «Беларусь 3», непрацяглы час была пазаштатнаю супрацоўніцаю і працавала паводле дамовы. Цяпер Чыркова не ёсць нават пазаштатнаю супрацоўніцаю, а праграма «Ди@блог о литературе» не выходзіць на каналах холдынгу з сакавіка 2017 года», – распавяла прэс-сакратарка «Белтэлерадыёкампаніі» Святлана Смалонская-Краскоўская.

Працягваюць выказвацца пра Курапаты і публічныя асобы. У прыватнасці старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, якую запыталі, ці пайшла б яна ў рэстарацыю ў Курапатах, адказала, што не стала б ані адзначаць там юбілею, ані ладзіць банкету.

«Па тых невялічкіх заявах некаторых прадстаўнікоў беларускіх уладаў, як я бачу, беларускія ўлады самі разумеюць, што дапусцілі злачынства і ляп, але да гэтай пары не прыдумалі, як з гэтай сітуацыі выйсці», – кажа кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Установа працуе з 5-га чэрвеня, пры гэтым адміністрацыя ўсцяж адмаўляецца размаўляць з журналістамі.

Пікетоўцы:

«Наколькі я ведаю, кошт аб’екты каля 5 млн долараў. Ён збіраецца 200-300 гадоў іх адбіваць? Гэта не рэнтабельна было ад пачатку».

«Калі яны не хочуць рабіць унутры музей, няхай зносяць, іншых варыянтаў я не бачу».

«Мы не бачым тут нейтральную пазіцыю. Калі інцыдэнт адбыўся, міліцыянты нават не праверылі дакументы ў кіроўцы, не праверылі тэхагляд, а адразу пачалі хапаць актывістаў».

Кожнаму з прысутных на сённяшнім пікеце пісьменнік Уладзімір Арлоў падарыў сваю кнігу «Імёны свабоды», у якой распавядае і пра тых, хто скончыў свой жыццёвы шлях у Курапатах.

«Вакол Курапатаў не павінна быць, я лічу, ані забаўляльных, аніякіх іншых устаноў. Гэта месца, калі чалавек застаецца сам-насам з сабою, з Богам, з успамінамі, душамі тых, хто тут ляжыць», – кажа пісьменнік Уладзімір Арлоў.

Акцыі каля скандальнага рэстарану, што месціцца літаральна за 50 метраў ад месца расстрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, адбываюцца штодзённа з 31-га траўня.

АН belsat.eu