Пікет пад атамнай станцыяй


Пікеты па зборы подпісаў – гэта яшчэ і фактычна адзіны незабаронены спосаб правесці палітычную акцыю ў грамадскім месцы. Сёння прыцягнуць увагу да досыць вострага пытання – запуску Астравецкай АЭС – вырашыў патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Юрый Губарэвіч.

На Астравецкай АЭС цяпер працуюць некалькі тысячаў чалавек. Дзеля іх і паставіў сёння свой «Антыпікет» Юрый Губарэвіч, каб паразмаўляць пра небяспеку атамнай станцыі.

«Яна будуецца паводле расейскага эксперыментальнага праекта, будуецца на пляцоўцы, прызнанай сейсмічна неўстойлівымі. Будуецца ўжо са шматлікімі аварыямі і парушэннямі ў працэсе ўзвядзення энергаблокаў», – кажа прэтэндэнт на ўдзел у выбарах ад Руху «За свабоду».

Расейскае ядравае паліва ўжо тут, у сховішчы. Сёлета плануюць запусціць першы энергаблок.

«Пабудова і эксплуатацыя АЭС – гэта небяспека, пагроза эканоміцы і экалогіі. Людзі, якія тут працуюць, сёння пераважна думаюць пра заробкі, частка з іх потым з‘едзе, асабліва неграмадзяне. Грамадзяне застануцца ў Беларусі. Яны мусяць зразумець, што ўлада, якая наплявальніцкі ставіцца да эпідэміі каронавіруса, не інфармуе пра рэальныя наступствы, не робіць захадаў бяспекі», – кажа Губарэвіч.

Жыхары Астраўца, з якімі размаўляў «Белсат», да атамнай станцыі ставяцца па-рознаму:

«Калі будуюць, значыць, трэба».

«А чаму яе баяцца? – А вопыт Чарнобылю? – На памылках вучацца, так што…».

«Чарнобыль узарваўся, дык што мусіць здарыцца, таго не мінаваць».

«А паглядзіце, як там узарвалася, і колькі людзей загінула. Так і тут. І дыхаць гэтым усім».

«У нас ніхто асабліва не пытаў, ці мы баімся (АЭС) ці не».

Астравецкая АЭС – асабісты праект Аляксандра Лукашэнкі. Ён разлічваў зарабіць на продажы энергіі ў суседнія краіны. Але станцыя стала болевай кропкай у стасунках Менску і Вільні. Ад Астраўца да літоўскай сталіцы 50 кіламетраў, гэта як ад Чарнобылю да Брагіна. І нашыя суседзі ўсурʼёз праводзяць вучэнні на выпадак Астравецкай катастрофы.

«Уся літоўская палітычная эліта адказная за тое, што не ўспрыняла ўсурʼёз Астравецкай АЭС, калі ўлады Беларусі толькі разглядалі ідэю гэтага праекту, а потым гэтае пытанне стала аб’ектам унутранай палітыкі, і гэта аслабіла пазіцыі Літвы. Цяпер мы спрабуем пераканаць Латвію і Эстонію падтрымаць нас», – тлумачыць літоўскі палітолаг Рамунас Вільпішаўскас.

Літоўскі ўрад гэтымі днямі распрацоўвае новае пагадненне з Латвіяй і Эстоніяй, каб краіны Балтыі разам байкатавалі электрычнасць з Беларусі.

«Нашая галоўная мэта – стварыць інструмент, які перадухіліць уваходжанне беларускай электраэнергіі на тэрыторыю Літвы», – кажа міністр энергетыкі Літвы Жыгімантас Вайчунас.

Самі літоўцы без святла не сядзяць, бо падключыліся да Швецыі марскім кабелем, пераабсталявалі цеплавыя станцыі ды інвеставалі ў аднаўляльныя крыніцы энергіі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»