Аб'ектыў 23.05.2019 Петыцыю за права пажыць на пенсіі накіравалі ў Міністэрства працы


На сайце «Зручны горад. Петыцыя» з’явілася патрабаванне да ўладаў вярнуць права на пенсію ў 60 гадоў для мужчын, каб людзі паспелі адпачыць пасля дзесяцігоддзяў цяжкай працы. Сярэдняя працягласць жыцця мужчынаў у Беларусі на дзесяць гадоў ніжэйшая, чым у жанчын.

Аднак адмыслоўцы кажуць, што цяперашні пенсійны ўзрост у 63 гады можа быць яшчэ падвышаны.

Амаль паўтысячы чалавек падпісалі электронную петыцыю за зніжэнне пенсійнага ўзросту для мужчынаў. Яе аўтары на сайце «Удобный город. Petitions.by» адзначаюць: сярэдняя працягласць жыцця мужчынаў у Беларусі надта нізкая, каб павышаць пенсійны век. З гэтым пагаджаецца наш суразмоўца.

«Пытанне актуальнае, у тым ліку дэмаграфічнае і прававое. Гэта, уласна кажучы, дыскрымінацыя: чаму жанчыны мусяць працаваць да 58 гадоў, а мужчыны да 63 гадоў? Гэта няправільна – рабіце тады аднолькава для ўсіх», – кажа прававы інспектар прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці Юры Белякоў.

Юрыю Грыневічу шэсцьдзесят, ужо месяц ён працуе вартаўніком, уладкаваўся з вялікай цяжкасцю. Раней працаваў будаўніком.

«Калі я працаваў нават у 50 гадоў – вакол мяне былі маладзейшыя. Майго ўзросту ці старэйшых я не бачыў. Людзі сыходзілі паводле стану здароўя, а нехта сыходзіў у магілу. Каб там працавалі ў 60 гадоў – я нідзе не бачыў. І знайсці працу пасля 60 гадоў, што яны працягнулі гэты ўзрост, – можна толькі ў кабінеце працаваць», – кажа вартаўнік Юры Грыневіч.

Працаваць пасля 60-ці людзі пачалі пасля таго, як кіраўнік краіны распачаў пенсійную рэформу.

Каб атрымаць працоўную пенсію, штогод да страхавога працоўнага стажу цяпер дадаецца яшчэ паўгода. Гэта патрабаванне пенсійнай рэформы, якая распачалася ў 2017-м і закончыцца ў 2022 годзе. Па яе завяршэнні жанчыны будуць выходзіць на пенсію ў 58, а мужчыны – у 63 гады. Аднак і гэты пенсійны ўзрост – мяжа не канчатковая.

Як кажуць нашыя эксперты, пенсійную рэформу 2017 года распачалі, бо колькасць пенсіянераў фактычна стала роўнай колькасці працаўнікоў. Як вынік – дэфіцыт пенсійнага фонду і праблемы выплатаў. Але толькі адным гэтым павышэннем пенсійнага ўзросту праблемы не развязаць.

«Паводле нашых разлікаў, каб у доўгатэрміновай перспектыве Фонд сацыяльнай абароны быў ураўнаважаны, нам патрэбна паднімаць пенсійны ўзрост да ўзроўню 65 гадоў і для мужчынаў і жанчын», – кажа акадэмічны дырэктар Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Кацярына Барнукова.

Паводле Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у Беларусі сярэдняя працягласць жыцця – сярод нізкіх у свеце: 79 у жанчын і 69 гадоў у мужчынаў, гэта 119-е месца сярод 190-ці краінаў свету. Што ж пра перспектыву працаваць даўжэй думаюць менчукі?

«Мне 60 гадоў будзе 13 ліпеня. А яшчэ да пенсіі тры гады, я магу і не дажыць. Бо цяжка, і здароўе ўжо не тое».

«Мне падаецца, што трэба было падымаць у кожным разе – і жанчынам, і мужчынам. Ва ўсіх краінах – Украіна побач – таксама падымаюць, хоць там цяжка, усюды».

«Людзі, якія дажываюць да пенсіі, – год, два і паміраюць – усё. Навошта гэткая пенсія?»

Петыцыю ж за зніжэнне пенсійнага ўзросту для мужчынаў накіравалі ў Міністэрства працы, а таксама ў Палату прадстаўнікоў.

Галіна Абакунчык, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары