Першыя затрыманыя падчас жаночага маршу на волі


Суботні марш жанчын пачаўся з затрыманняў. Больш за тры дзясяткі чалавек адправіліся ў аўтазакі. Многія з іх – потым на Акрэсціна. Тут шматлюдна. Сваякі стаяць у чарзе з перадачамі, валанцёры кансультуюць. Таццяна з мужам чакаюць дачку, якая не вярнулася з жаночага маршу.

«Мы маліліся, дый мы і самі бярэм удзел у пратэстах», – кажа Таццяна Цвірбут.

«Таму што мы лічым, што тое, што адбываецца, – гэта поўная несправядлівасць і адсутнасць закону», – кажа Валерый Цвірбут.

У другой палове дня дзяўчат па адной пачынаюць выпускаць. Ганну-Марыю аштрафавалі на 30 базавых велічыняў і вызвалілі. Пры затрыманні сілавікі пакінулі дзяўчыне сляды, дый у ізалятары ставіліся кепска.

«У камеры было вельмі халодна, асабліва першую ноч, калі нам яшчэ не перадалі перадачы з цёплай вопраткай. Я прастудзілася, у мяне была высокая тэмпература мінулай ноччу, мне адмовілі выклікаць доктара», – расказвае Ганна-Марыя Кананенка.

З двух дзясяткаў жанчын, якіх судзілі разам з Ганнай, толькі траіх аштрафавалі. Астатніх пакаралі арыштам. Пашчасціла выйсці на волю і студэнтцы Арыне. Яна атрымала штраф 25 базавых велічыняў.

«Мы ведалі, што мы невінаватыя. Нам няма чаго баяцца, мы стаім за праўду і не лічым сябе вінаватымі. Мы проста ведалі: ну а што нам баяцца, калі мы невінаватыя? Ну, адміністратыўнае правапарушэнне, ну, дадуць штраф. Ну, пададзім хадайніцтва, гэтыя штрафы яшчэ будуць разглядаць месяцы тры. Разбярэмся», – кажа Арына Мамай.

Яшчэ адну ўдзельніцу Суд Маскоўскага раёну аштрафаваў на 25 базавых велічыняў. Марыю затрымалі разам з маці, але на Акрэсціна паехала толькі дачка.

«Усім маім сукамерніцам, з кім я гэтыя два дні была ў адной камеры, і нас затрымалі разам на плошчы Свабоды, і іх таксама першы раз затрымлівалі, ім далі суткі ўсім. 11, 13 і 15 сутак», – расказвае Марыя Маркелава.

У рэгіёнах таксама працягваюцца суды над затрыманымі падчас ранейшых пратэстаў. Марыя стаяла моўчкі яшчэ 2 верасня ля Віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Без лозунгаў і сцягоў. У выніку – тры базавыя велічыні.

«Я лічу, што гэта несправядліва было, бо я стаяла на знак салідарнасці ў першую чаргу са студэнтамі Менску, якія выйшлі 1 верасня і былі затрыманыя», – кажа Марыя Зыранава, студэнтка.

Сёння выйшаў на волю віцебскі журналіст Зміцер Казакевіч. Яго затрымалі яшчэ адзінаццатага верасня і вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі. Сёння суд вярнуў справу на дапрацоўванне.

«Маёр Скрымянок мне кажа: «Калі ты яшчэ раз з’явішся як журналіст на шэсці, то атрымаеш яшчэ адзін пратакол». І я сядзеў гэтыя трое сутак і думаў: а сапраўды, што з гэтым рабіць?», – кажа журналіст Зміцер Казакевіч.

Затрымалі і нашых калегаў з Гомля: Яўгена Меркіса і Марыну Драбышэўскую. Іх спыніла ДАІ, журналістаў выцягнулі з аўтамабіля і даставілі ў РАУС Чыгуначнага раёну. Усе выходныя пад іхнымі вокнамі дзяжурылі сілавікі.

Наста Кахановіч, «Белсат»