Першыя выракі ў справе Коржыча. З войска – у калонію ўзмоцненага рэжыму


Мінула больш за год ад трагедыі ў Печах. А першыя выракі суд агучыў толькі сёння.

Павел Сукавенка – адзіны афіцэр, якога судзяць пасля смерці Коржыча, атрымаў найбольш – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, прапаршчык Артур Вірбала – 4. Вайскоўцаў прызналі вінаватымі ў злоўжыванні ўладаю і перавышэнні паўнамоцтваў. Суд палічыў даказанымі эпізоды збівання падначаленых, вымаганне харчоў і цыгарэтаў, прысваенне грошай, якія прызначаліся шарагоўцам. Наперадзе яшчэ апеляцыя.

Аляксандр Галіеў, адвакат Паўла Сукавенкі:

«Колькі было прапанавана дзяржаўным абвінаваўцам, столькі суд і прыняў, таму ў нас ёсць падставы меркаваць, што суд пачуў не ўсе нашыя довады».

Крымінальная справа «камандзіраў Коржыча» – толькі адна з некалькіх дзясяткаў. У выніку грамадскага рэзанансу, які быў выкліканы смерцю шарагоўца ў Печах летась, праваахоўнікі правялі апытанні больш як 18-ці тысяч дэмабілізаваных на прадмет нестатутных дачыненняў падчас іх службы. Толькі сёлета вынеслі 28 прысудаў вайскоўцам у розных частках краіны, яшчэ 17 – чакаюць выракаў.

Аляксандр Федаровіч, следчы журналіст, «Белгазета»:

«Фактычна, усе гэтыя справы – гэты дробныя справы. Гэтак званая мяккая дзедаўшчына. То бок, сківіцаў не разбівалі, не катавалі, як гэта было ў 1990-я гады. Роля афіцэраў? Сукавенка і Вірбала аказаліся проста крайнімі, якіх трэба было проста пакараць».

Асуджаныя сёння сваю віну прызналі амаль цалкам. Але прычыну бачаць у сістэме вайсковай арганізацыі, якая заснаваная ў значнай ступені на савецкай спадчыне. Падчас допытаў на судзе, Сукавенка з Вірбалам часта прызнавалі факты дзедаўшчыны, не ўсведамляючы іх злачыннасці. Ці той жа Сукавенка на працэсе прызнаў, што за час службы не сустракаў ніводнага афіцэра, які б у поўным аб’ёме ведаў свае абавязкі.

Кацярына Андрэева, журналістка «Белсату», назіральніца на працэсе:

«Важна, што прысутнічалі людзі ў форме на пасяджэннях, я так разумею, у выхаваўчых мэтах».

Абы дапамагло. 5-га лістапада чакаецца вырак у справе гібелі Аляксандра Коржыча. У гэтай справе сённяшнія асуджаныя праходзяць у якасці сведак.

Алесь Залеўскі, belsat.eu

Гарачы каментар
Вінаватых у гібелі Коржыча пакаралі, але ці тых, хто сапраўды заслогоўвае кару?
2018.10.19 22:03