Першы такі візіт ЗША ў Беларусь у гэтым стагоддзі

Злучаныя Штаты змяняюць сваё стаўленне да Беларусі. На сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам у Менск прыедзе дарадца Доналда Трампа.

Адміністрацыя кіраўніка Беларусі пацвердзіла візіт дарадцы прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы. Канкрэтную дату і фармат сустрэчы яшчэ ўзгадняюць, але вядома, што адзін з найвышэйшых прадстаўнікоў Доналда Трампа наведае Беларусь на гэтым тыдні – не раней за чацвер.

https://belsat.eu/news/praryvu-lukashenki-na-zahad-ne-budze/

Сёння Джон Болтан прыляцеў у Кіеў, з Украіны адправіцца ў Малдову, а потым у Беларусь. Пра візіт у Менск першым паведаміла выданне «Foreign Policy» са спасылкай на ўрадавыя крыніцы ў Вашынгтоне. А беларускія афіцыйныя СМІ пакуль маўчаць, хаця прыезд дарадцы прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы – гістарычная падзея. Джон Болтан – найвышэйшы амерыканскі чыноўнік, які наведае Беларусь у гэтым стагоддзі, і чалавек, які цяпер амаль што аднаасабова займаецца кірункамі замежнай палітыкі ЗША.

«Мы ведаем, што фармуе замежную палітыку ЗША Дзярждэп, і гэта робіцца на ўзроўні механізмаў. Але на ўзроўні будавання стратэгіі гэтым займаюцца менавіта дарадцы па нацыянальнай бяспецы«, – тлумачыць Валерый Краўчанка, аналітык Нацыянальнага інстытут стратэгічных даследаванняў у Кіеве.

Паводле аналітыка, Джон Болтан моцна праявіў сябе ў справах Блізкага Усходу, ў прыватнасці іранскага крызісу, а ў наш рэгіён, магчыма, прыляцеў, каб лепш разабрацца ў падзеях. Публіцыст, аглядальнік радыё «Свабода» Віталь Цыганкоў звяртае ўвагу, што Болтан вылучаецца сваімі поглядамі нават у трампаўскай адміністрацыі.

«Ён так званы «сокал» на фоне галубоў, і глядзіць на замежную палітыку менавіта з пункту гледжання супрацьстаяння геапалітычным канкурэнтам ЗША – Кітаю і Расеі. У Маскве яго называюць русафобам», – падкрэслівае Віталь Цыганкоў.

Таму і планаваны візіт у Маскве могуць успрыняць, як пагрозу расейскім інтарэсам у Беларусі.

«Масква глядзіць з падазрэннем, гэта лагічна, бо Беларусь гэта зона абсалютнага ўплыву, якая падаецца непарушнай для Расеі. З пункту гледжання Саюзнай дзяржавы, вайсковых вучэнняў, якія там адбываюцца, самой пазіцыі», – мяркуе Валерый Краўчанка.

Анексія Крыма і гібрыдная агрэсія Расеі ў Данецкай і Луганскай вобласцях змянілі стаўленне Вашынгтону і да падзеяў у Беларусі.

«Болтан добра разумее, што Пуцін праводзіць агрэсіўную палітыку, і што гэтая агрэсіўная палітыка можа ўключаць нейкія задумы адносна Беларусі», – пракаментаваў візіт Болтана ў Беларусь экс-амбасадар ЗША ва Украіне Джон Гэрбст.

Тут інтарэсы супадаюць: Болтан хоча стрымаць Расею ад далучэння Беларусі, а Лукашэнка не хоча губляць уладу. Да таго ж агрэсіўныя дзеянні Масквы адсунулі на другі план пытанне правоў чалавека ў Беларусі, дзе прынцыповых паляпшэнняў няма.

https://belsat.eu/news/eks-pamochnik-dzyarzhsakratara-zsha-dejvid-krejmer-belarus-robitstsa-bolsh-bezabaronnayu/

Ёсць і эканамічны аспект стасункаў з амерыканцамі.

«Не Расея, не Саудаўская Аравія, а менавіта ЗША больш за ўсіх вырабляюць нафты, ім хапае для сябе, і яны пачынаюць прадаваць нафту для свету. Таму Менск зацікаўлены ў тым, каб дыверсіфікаваць гэтыя пастаўкі.

У адрозненне ад левых праектаў – Венесуэла ці Іран – праект амерыканскі можа быць вельмі рэалістычным», – мяркуе Віталь Цыганкоў.

Як раней паведамлялі медыі, Беларуская нафтавая кампанія наняла амерыканскага лабіста, каб змякчыць санкцыі, уведзеныя за грубыя рэпрэсіі супраць грамадзянаў Беларусі, і атрымаць ад Мінфіну ЗША дазвол на закупку сырой нафты.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама