Першы іспыт на дэмакратыю для ўладаў? Апазіцыя ідзе на парламенцкія выбары


Ці змогуць апазіцыйныя партыі ды рухі кантраляваць хаду парламенцкіх выбараў? Гэта залежыць ад таго, колькі іхных прадстаўнікоў улады ўлучаць у склад акруговых выбарчых камісіяў. Сёння – апошні дзень падачы заявак. І з ім завяршаецца першы этап выбарчай кампаніі.

Акруговыя выбарчыя камісіі маюць быць сфармаваныя ў 110-ці акругах па ўсёй краіне, а таксама тэрытарыяльныя – у Менску і шасці вобласцях, агулам 117 камісіяў. У кожную выбарчую камісію па ўсёй краіне сваіх кандыдатаў прапанаваў рух «За свабоду».

«Як паказвае практыка ўсіх папярэдніх выбараў, па выніках фармавання камісій, амаль 100 % вылучэнцаў ад прадзяржаўных і праўладных структураў, палітычных і грамадскіх, як БРСМ, «Белая Русь», трапляюць у склад камісій. Адносна палітычных партый з лагеру апазіцыі альбо незалежных грамадскіх арганізацыяў дзейнічае зусім іншы прынцып, калі не больш за 1 % ад усіх вылучаных прадстаўнікоў становяцца паўнавартаснымі чальцамі камісій. Паглядзім, як будзе сёлета», кажа старшыня руху Юрась Губарэвіч.

У выбарчым штабе грамадскай арганізацыі «Гавары праўду», якая таксама чакае рашэння адносна сваіх кандыдатаў, гэты этап выбарчай кампаніі называюць першым іспытам на дэмакратыю для ўладаў.

«Бо паводле колькасці прадстаўнікоў дэмакратычных сіл, якія будуць уключаныя альбо не ўключаныя ў склад гэтых камісій, можна будзе даваць першую адзнаку парламенцкім выбарам», мяркуе кіраўнік выбарчага штабу Сяргей Вазняк.

Магчымасці не ўлучаць у склад камісіяў прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партыяў даюць адвольныя крытэры адбору кандыдатаў. Мінулымі гадамі гэта былі тэрміны падачы спісаў, сёлета – асабістыя якасці кандыдатаў, кажуць у Партыі БНФ.

«У Віцебскай вобласці нават запрасілі характарыстыкі ад партый на вылучэнцаў, каб мы, нібыта, абгрунтавалі, чаму гэтыя людзі годныя быць чальцамі камісій. На жаль, мы разумеем, што наўрад ці ўлады сапраўды шукаюць годных чальцоў выбарчых камісій», кажа старшыня партыі Аляксей Янукевіч.

Апазіцыйныя палітыкі таксама спадзяюцца на справядлівыя ацэнкі хады першага этапу выбарчай кампаніі з боку Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе, адмысловая камісія якой цяпер працуе ў Беларусі.

«Мы спадзяемся, што застануцца ацэнкі БДІПЧ АБСЕ ўмоваў і хады выбарчай кампаніі сумленнымі, і калі выявяць парушэнні, то яны іх зафіксуюць і адлюструюць у сваіх справаздачах. І тады перад нашымі заходнімі суседзямі і Еўразвязам таксама будзе тэст на падвоеныя стандарты», працягвае Аляксей Янукевіч.

У панядзелак, 2-га верасня, абвесцяць вынікі першага этапу выбараў: чальцы якіх партыяў і рухаў увойдуць у склад акруговых і тэрытарыяльных выбарчых камісіяў.

Галіна Абакунчык, «Белсат»