Першы глянец з мадэллю плюс-сайз на вокладцы – прэм’ера на «Белсаце»

Пры слове «мадэль» у нашых галовах усплывае вобраз маладой высокай і стройнай дзяўчыны. Але ж на самой справе мадэлінг бывае розным. Дзіяна Раткевіч распавядзе пра іншую прыгажосць, а між іншым, прадставіць першую вокладку з мадэллю плюс-сайз сярод беларускага глянцу.

Кожная гераіня гэтага матэрыялу праз сваю актыўнасць у мадэльным бізнесе імкнецца данесці, што мы ўсе розныя, а ідэалу не існуе. Такую мэту ставіць сабе дырэктарка нацыянальнага конкурсу «Міс Свету Плюс-Сайз»і мадэль плюс-сайз Яўгенія Цюленева:

«Я спадзяюся, што людзі заўважаць іншую прыгажосць, людзі пабачаць, што прыгажосць розная».

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Калі на вокладках часопісаў і банерах будуць мільгаць тыповыя стройныя і высокія дзяўчаты, то гэта можа стаць небяспечным для нашага грамадства, тлумачыць міс «Wheelchair World 2017», мадэль-вазочніца Аляксандра Чычыкава:

«На дзяўчат гэта можа дрэнна ўплываць, таму што худая талія… Шмат якія дзяўчаты пачынаюць вельмі шмат думаць. Яны пачынаюць дрэнна есці, яны пачынаюць аб гэтым увесь час заганяцца. З тым самым у іх могуць потым пачацца праблемы з успрыманнем сябе».

Тым не менш, сітуацыя ў нашай краіне змяняецца, кажа нашая суразмоўца. 13 снежня часопіс «Эш» стане першым глянцам у Беларусі, на вокладцы якога з’явіцца мадэль плюс-сайз.

«Зараз дызайнераў, якія адшываюць і фатаграфуюць сваю вопратку з мадэлямі плюс-сайз стала ў разы больш, і замоў стала больш», – распавядае Яўгенія Цюленева, дырэктарка нацыянальнага конкурсу «Міс Свету Плюс-Сайз».

Сёлета Яўгенія была арганізатаркай нацыянальнага адбору мадэляў плюс-сайз на сусветны конкурс, а таксама стварыла мадэльнае агенцтва для нетыповых мадэляў. Да яго могуць далучыцца людзі рознага ўзросту.

«Мяне заўважылі і пачалі запрашаць беларускія брэнды вопраткі, аксэсуараў, модныя крамы, і нават рэкламныя агенцтвы. Пры чым мяне запрашаюць не для рэкламы зубных пратэзаў ці памперсаў для дарослых, а для рэкламы гаджэтаў, для рэкламы банкаўскіх паслуг. Я думаю, што ў нас у Рэспубліцы Беларусь лёд тронуўся», – дзеліцца Вольга Шатыка, мадэль 70+.

На тое, што існуе іншая прыгажосць, звярнула ўвагу і беларуская дызайнерка Каця Цікота, якая гэтым летам зладзіла паказ з удзелам мадэляў 70+ і мадэляў з інваліднасцю. Падчас паказу па подыуме прайшлі і нашыя гераіні.

Дзіяна Раткевіч belsat.eu

Глядзі таксама