Першая ў Беларусі котакавярня «Краіна вялікіх катоў» чакае гасцей


Першая ў свеце котакавярня з‘явілася на Тайваню дваццаць гадоў таму. З таго часу ўва ўсім свеце адкрыліся дзясяткі такіх установаў – з катамі рэдкіх пародаў і падабранымі з прытулкаў, з магчымасцю паесці ці толькі папіць гарбаты. Цяпер магчымасць пагуляцца з коцікамі – ды яшчэ і незвычайнымі – з’явілася і ў магілёўцаў.

Дзесяць катоў пароды мэйн-кун гаспадараць у «Краіне вялікіх катоў» – у першай у Беларусі котакавярні, што днямі адкрылася ў Магілёве.

«Гэта непараўнана. Гэта здымае стрэс, робіць людзей дабрэйшымі. Тут хочацца расслабіцца, падумаць пра сваё», – гаворыць наведніца котакавярні.

Котакавярню стварылі заводчыкі вялікіх амерыканскіх катоў – мэйн-кунаў – сям’я Кавалёвых. Яны ўжо дзесяць гадоў разводзяць гэтую пароду і цягам пяці рыхтавалі адкрыццё кавярні «Краіна вялікіх катоў».

Кацярына Кавалёва, дырэктарка котакавярні, распавядае:

«Шмат хто з розных прычынаў не можа мець катоў удома, таму ідэя такая, што людзі могуць прыйсці і пакантактаваць з катамі».

Аляксандра Кавалёва, дачка гаспадароў котакавярні, кажа:

«Яны вельмі харошыя, добрыя, ласкавыя, і можна з імі стасавацца. Ты прыходзіш са школы, сяброў няма, можна іх паклікаць і пакантактаваць як з сябрам».

Паводле беларускіх санітарных нормаў у кавярні нельга трымаць жывёлу, таму «Краіна вялікіх катоў» існуе ў фармаце антыкавярні – госці плацяць не за паслугі, а за час перабывання ў кацінай прасторы. Праўда, у гэты кошт уваходзіць пачастунак – гарбата ці кава з печывам.

«Гэта месца для адпачынку, ціхае месца, дзе людзі могуць у цішы паназіраць за катамі. Нельга бегаць, крычаць. Калі кот спіць, нельга яго будзіць, можна падысці пагладзіць», – дадае Кацярына Кавалёва.

Кнігі ў антыкавярні выключна тэматычныя. А гаспадары навучаць, як абыходзіцца з катамі, пазнаёмяць з праблемамі, якія могуць узнікнуць. Наведнікі котакавярні дзеляцца:

«Класна, што каты не ў цябе ўдома. Ты можаш прыйсці пагладзіць і прыняць узважанае рашэнне, ці патрэбны табе кот удома ці не, расслабіцца».

«У Менску котакавярня – іншы фармат, яна хутчэй нагадвае музей. А тут кантакт з катамі, іх шмат, яны цікавыя, ласкавыя, яны цудоўныя».

Каты і кавярня штодня чакаюць гасцей у цэнтры Магілёва, хоць жыхары гораду пра гэта даведваюцца ад журналістаў.

«Коцікі нам падабаюцца, мы пра гэта чуем упершыню, увогуле гэта выдатная ідэя, за мяжою гэта ўжо распаўсюджана даўно, чаму б і не».

«Толькі сёння даведаўся. Мяне зацікавіў гэты праект, хачу па магчымасці наведаць гэтае месца, бо я коцікаў вельмі люблю», – кажуць жыхары Магілёва.

У будучыні ў котакавярні плануюцца тэматычныя лекцыі, вечары паэзіі ды нават школа для ўладальнікаў катоў.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu