Першая справа супраць беларускіх сілавікоў


За гвалт і катаванні супраць грамадзянаў беларускія сілавікі будуць прыцягнутыя да адказнасці не ў Беларусі, дык па-за межамі яе. Генеральная пракуратура Літвы пачала дасудовае расследаванне злачынстваў супраць чалавечнасці па скарзе грамадзяніна Беларусі Максіма Харошына.

Уладальніка кветкавае крамы Максіма Харошына затрымалі 13 кастрычніка. Невядомыя збілі яго і адвезлі ў Першамайскі РУУС Менску. Адтуль мужчыну забрала хуткая дапамога. Праз некалькі дзён ён з’ехаў у Літву. 30 лістапада пацярпелы пры дапамозе штабу Святланы Ціханоўскай звярнуўся ў пракуратуру Літвы.

«Сёння была распачатая крымінальная справа і скіраваная ў Генеральную пракуратуру Літвы ў маёй справе. Я мяркую, што з кожным днём яна будзе прасоўвацца ўсё болей і болей. Гэта няхуткі працэс, але цягам некаторага часу мы даможамся справядлівасці», – кажа Максім Харошын.

Генеральная пракуратура Літвы распачала расследаванне ў межах універсальнае юрысдыкцыі. Гэтая міжнародная працэдура дазваляе іншым краінам прыцягваць да адказнасці злачынцаў за адвольныя затрыманні, катаванні, выкраданні ды забойствы людзей.

«Гэтыя злачынствы не маюць тэрмінаў даўніны. Пасля таго, як будуць выдадзеныя ордары на арышт праз структуры інтэрполу ва ўсіх краінах свету, можна чакаць арышту вінаватых, дзе б яны ні з’явіліся», – запэўніў правабаронца Гары Паганяйла.

Штаб Святланы Ціханоўскай рыхтуе дакументы беларусаў не толькі ў Літве, але і ў іншых краінах. «У межах таго, што цяпер адбываецца, гэта значыць тэрарыстычныя акцыі ў дачыненні мірных грамадзянаў, кожны злачынца можа знайсці сябе ў спісах інтэрполу. Беспакаранасць скончылася. Адказваць будзеце за кожнае злачынства», – падкрэслівае прэс-сакратар Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна.

Разам з тым беларускія пракуратура і Следчы камітэт не распачалІ ніводнае справы паводле больш як дзвюх тысяч заяваў пра катаванні з боку сілавікоў, а таксама забойствы Аляксандра Тарайкоўскага, Рамана Бандарэнкі ды іншых удзельнікаў пратэстаў.

Ігар Станкевіч, «Белсат»