Першая гадавіна Курапацкай варты


Да рэстарацыі «Паедзем паядзім» на ўскрайку Менску актывісты з бел-чырвона-белымі сцягамі прыходзяць штодня, у любое надвор’е. Пра тое, што ўсяго за 50 метраў ад месца расстрэлаў і пахаванняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў адкрываецца забаўляльная ўстанова, стала вядома летась напрыканцы траўня. Ад гэтага часу варта ў Курапатах трывае ўжо год.

«Я кіруюся абурэннем існавання ў нашым некропалі нацыянальным, дзе адбываўся генацыд у 30-я гады нашага народу, пабудовай гэтага ганебнага рэстарану. Куды людзі могуць прыязджаць, бавіцца, адпачываць, баляваць. Не тое месца», – кажа абаронца Курапатаў Ніна Багінская.

Чыноўнікі патлумачылі: плошчу ахоўнай зоны мемарыялу скарацілі, а таму цяпер будоўля абʼекту ля ўрочышча – законная. Актывісты ж абвесцілі бестэрміновы пратэст. На супраціў адразу адказалі супрацівам: правакацыямі, бойкамі, затрыманнямі, штрафамі ды соднямі ў ізалятары.

Павал Севярынец, палітык, абаронца Курапатаў:

«Я сам за гэты год два месяцы правёў на соднях за Курапаты. Многія людзі атрымалі велізарныя штрафы, яны вымяраюцца ў тысячах долараў. Дзякуй вялікі неабыякавым людзям, якія дапамагаюць плаціць гэтыя штрафы, каб не пазабіралі маёмасць у абаронцаў».

Дамагчыся галоўнай мэты – закрыцця ўстановы – пакуль не атрымалася. Сёлета падчас «Вялікай размовы» Аляксандр Лукашэнка выказаўся, што нічога супраць рэстарацыі не мае.Тым не менш, сэнс іхнае варты ёсць, кажуць абаронцы. Яны апавядаюць пра Курапаты ўсім, хто прыязджае да рэстарацыі «Паедзем паядзім».

«Я лічу, што гэты рэстаран трэба знесці, і я асабіста туды есці ніколі ў жыцці не паеду».

«Вельмі паважаю людзей, якія там стаяць, і вельмі ім зайздрошчу, што яны знаходзяць час і смеласць. А стаяць трэба, бо гісторыя паказвае, што калі мы забываем нешта, вельмі шмат губляем».

«Помнік мусіць быць помнікам. Рэстаран там трэба прыбіраць», – гавораць жыхары Менску.

Замест таго, каб прыбраць рэстарацыю, месяц таму ўлады пад выглядам добраўпарадкавання вырвалі ў Курапатах дзясяткі крыжоў. Ганна Шапуцька, абаронца Курапатаў, каментуе:

«Гэты розгалас, ён не дае ўладам, якія, на вялікі жаль, паказалі сябе нашчадкамі сталіністаў, ён не дае цалкам знішчыць мемарыял. Ён прымушае рабіць іх крокі, магчыма, памылковыя, але ж усё роўна – рабіць крокі ў кірунку захоўвання вось гэтай памяці».

Трымаць варту абаронцы Курапатаў плануюць да перамогі. Аднак паводле іх, дзеля гэтага патрэбная не толькі салідарнасць грамадзянаў, але і асабісты ўдзел.

Юлія Лабанава, belsat.eu