Першакурснікі яшчэ не ведаюць. Да чаго прымушаюць студэнтаў у беларускіх ВНУ?


На змену радасці ад паступлення ва ўніверсітэт можа прыйсці заклапочанасць і нават расчараванне. Першакурснікі, якія спадзяюцца атрымліваць толькі веды, у верасні даведаюцца, што ў нагрузку атрымаюць яшчэ і шматлікія заданні, не звязаныя з адукацыяй. Што давядзецца рабіць і ці трэба гэта ўвогуле рабіць?

У спісах першакурснікаў сёлета ўбачаць свае прозвішчы каля 50 тысяч юнакоў і дзяўчат. Іх чакае вучоба, новыя сябры, каханне, шумныя інтэрнаты. Аднак хутка шмат хто можа сутыкнуцца з іншымі, менш прыемнымі бакамі студэнцкага жыцця.

«У БДЭУ студэнтаў абяцаюць зрабіць невыязнымі, калі ад кожнай групы не знойдзецца два валанцёры на перапіс насельніцтва», – паведамляе тэлеграм-канал «Отчислено».

Пра выпадкі прымусу тэлеграм-каналы паведамляюць рэгулярна. Ён даўно стаў часткаю беларускай акадэмічнай культуры.

Каб рэканструкцыя фарсавання Дняпра выглядала гэтак эпічна, улады Магілёва мабілізавалі сотні студэнтаў і бюджэтнікаў. Некалькі дзён яны працавалі на спякоце, пры 30 градусах.

«Канешне, непрыемна, але гэта непазбежныя страты. Нікуды ад гэтага не падзецца», – кажуць удзельнікі рэпетыцыі.

Нікуды не было падзецца і тым студэнтам, што спачатку згадзіліся, а пазней перадумалі станавіцца валанцёрамі на Другіх Еўрапейскіх гульнях. Ім пагражалі ануляваць ужо здадзеную сесію.

«Гэта хутчэй можна назваць выкарыстаннем рабскай працы, каб заткнуць кадравыя дзіркі на пазіцыях, якія ніхто не хоча аплочваць, або на якія ніхто не хоча ісці», – тлумачыць Крысціна Рыхтэр, юрыстка «YOUTH LABOUR RIGHTS».

Здаваць грошы на рамонт, працаваць статыстамі на святах, ствараць масоўку на стадыёнах – не адзінае, да чаго змушаюць студэнтаў. Як у час СССР, яны збіраюць на калгасных палях моркву, бульбу ды лён. Нельга абмінуць яшчэ адной формы прымусу – прымусу галасаваць датэрмінова. Што трэба рабіць, калі вас гоняць «валанцёрыць» або галасаваць? Не маўчаць і пачынаць афіцыйнае ліставанне з адміністрацыяй – раіць юрыстка.

«Аказваецца, што такіх пунктаў, на якія тыя спасылаюцца, не існуе, забаронаў не існуе, абавязкаў не існуе. Калі падрабязна разбірацца ў тым, чаго патрабуюць, то акажацца, што ніякіх абавязкаў у студэнта няма», – кажа Крысціна Рыхтэр, юрыстка «YOUTH LABOUR RIGHTS».

Аднак ці рэальна абараніцца ў сістэме, дзе атрымаеш ты месцаў інтэрнаце або не, і ці ўвогуле здасі сесію, вырашае дэкан і рэктар?

«Калі з’явяцца падставы, каб цябе выключыць, то шанцаў амаль няма, бо няма працэдуры, каб абскардзіць рашэнне экзаменацыйнай камісіі і гэтак далей», – гаворыць Даніла Лаўрэцкі, Задзіночанне беларускіх студэнтаў.

Ці прымушала вас да нечага адміністрацыя вашай навучальнай установы, мы запыталіся мы ў цяперашніх і колішніх студэнтаў:

«Інтэрнаты за паходы на хакей, на футбол – такога кшталту захады».

«Мяне прасілі дапамагчы нешта зрабіць: прыбраць нешта, пафарбаваць. Мне, канешне не хацелася гэта рабіць, хацелася паспаць больш. Але прыходзілася рабіць, каб паставілі добрую адзнаку».

«Адпраўлялі на бульбу. Дык гэта было задавальненне! Бульба! Ёсць пра што ўзгадаць!»

«Сказалі: гэта актыўнае студэнцкае жыццё. Усе ішлі групай – значыць, і мы ішлі».

Актыўнае студэнцкае жыццё ў Беларусі часцяком прадугледжвае пасіўную грамадзянскую пазіцыю.

Як казаў бацька сацыялогіі Эміль Дзюркгейм, стаўленне ўніверсітэту і школы да навучэнцаў – гэта копія стаўлення ўладаў да грамадзянаў. Выпускнік беларускай ВНУ засвойвае: рабі не тое, што напісана ў законе, а тое, што табе кажуць улады.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum