Аб'ектыў 29.09.2018 Першае інтэрв’ю для «Белсату» новапрызначанай спецдакладчыцы ААН Анаіс Марэн


Рада правоў чалавека ААН выбрала новага адмысловага спавяшчальніка ў пытаннях правоў чалавека ў Беларусі. Вугорскага праваабаронцу Міклаша Харасці хутка заменіць французскі палітолаг Анаіс Марэн. І першае інтэрв’ю яна ужо дала нашаму тэлеканалу. Што будзе рабіць на пасадзе новы адмысловы спавяшчальнік, і якія спадзяванні на яго ўскладаюць беларускія праваабаронцы?

Анаіс Марэн – палітолаг, універсітэцкая выкладчыца, удзельніца назіральных місіяў АБСЕ, аўтарка публікацыяў на тэму ўнутранай і вонкавай палітыкі Расеі, Азербайджану ды Беларусі. Нашая краіна застаецца ў цэнтры ейных даследчых інтарэсаў ужо больш як 10 гадоў.

«Я вылучыла сваю кандыдатуру самастойна, яе не падтрымлівала нейкая арганізацыя ці краіна. Працэдура была празрыстая і даволі хуткая. У ліпені нас было васьмёра кандыдатаў. Затым група з пяці амбасадараў (сярод 47-мі, якія засядаюць у Радзе правоў чалавека ААН) правяла адбор, кіраўнік рады Воіслаў Шуц вылучыў маю кандыдатуру на галасаванне, і яе зацвердзілі ўчора», – распавяла «Белсату» Анаіс Марэн, новапрызначаная спецдакладчыца ААН.

Адмысловы спавяшчальнік у пытаннях правоў чалавека ААН бярэ на сябе вялікую адказнасць, але грошай за сваю працу не атрымлівае. Ягонае заданне – без упярэджання ацаніць сітуацыю ў дзяржаве ды напісаць даклад, які будзе прэзентаваны як ААН, гэтак і ўладам аналізаванай краіны.

«На сталай аснове трэба адсочваць сітуацыю. Трэба рэагаваць, калі ёсць парушэнні, высылаць запыты ўладам і паведамляць міжнароднай супольнасці. Галоўная мэта гэтай працэдуры – дапамагчы ўраду Беларусі выканаць свае абавязкі, якія вынікаюць са Статуту Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў ды іншых міжнародных дамоваў у галіне правоў чалавека», – кажа Анаіс Марэн.

Беларусь (разам з Бурундзі, Камбоджаю, Гаіці ды Іранам) застаецца ў не самай прэстыжнай групе з 14-ці краінаў, для якіх ААН прызначае адмысловых спавяшчальнікаў у галіне правоў чалавека. Улады нашай краіны пасаду спецдакладчыка лічаць палітызаванай і мандату яго не прызнаюць. Анаіс Марэн аднак мае намер кантактаваць як з уладамі, гэтак і з беларускімі праваабаронцамі.

«Мая праца заключаецца ў тым, каб рабіць незалежную і абʼектыўную ацэнку. І я не французскі чыноўнік ці чыноўнік міжнароднай арганізацыі. Я не працую ні для беларускага ўраду, ні для беларускіх праваабарончых арганізацыяў. Я працую дзеля паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Журналісты таксама маюць памятаць пра мае заданні і захоўваць узважанасць», – лічыць Анаіс Марэн.

Якія праблемы лічаць галоўнымі тыя, з кім будзе супрацоўнічаць адмысловая спавяшчальніца, а менавіта беларускія праваабаронцы?

«Свабода мірных сходаў, свабода асацыяцыяў, забарона катаванняў, наяўнасць смяротнага пакарання ў Беларусі, адсутнасць эфектыўнай супрацы ўладаў з няўрадавымі арганізацыямі – усе гэтыя пытанні будуць уздымацца ў размовах з новым, як і папярэднім спецдакладчыкам», – кажа Вікторыя Фёдарава, старшыня «Прававой ініцыятывы».

Беларускія праваабаронцы спадзяюцца, што ўлады пачнуць супрацоўнічаць з новай адмысловай спавяшчальніцай ААН і запросяць яе ў Беларусь у афіцыйным статусе. Анаіс Марэн пяройме ад Міклаша Харасці абавязкі маніторынгу за сітуацыяй з правамі чалавека ўжо 1-га лістапада.

Аляксандр Папко, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары