Перажыў напад крыжакоў, але можа не перажыць рэканструкцыю


Перажыў напады крыжакоў, але ці перажыве рэканструкцыю? У Горадні рэканструююць легендарны Стары замак. Плануецца, што ён будзе выглядаць як у часы кіравання караля Рэчы Паспалітай і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторага. Аднак будаўнікі ў яго абнаўленні выкарыстоўваюць сучасную цэглу.

Работы на тэрыторыі замку пачаліся восенню 2017 года. За аснову рэканструкцыі ўзялі эскізны праект менскага архітэктара Уладзіміра Бачкова, распрацаваны амаль 30 гадоў таму. Праект Бачкова ўспрымаецца неадназначна, шмат якія даследчыкі называюць яго неактуальным. Кандыдат гістарычных навук Генадзь Семянчук распавядае:

«Найбольш мне не падабаецца тое, што з невялікімі змяненнямі рэалізоўваецца праект, які ствараўся ў савецкія часы. А за гэтыя часы змянілася тэхналогія ды паглыбіліся і пашырыліся веды».

Рэканструкцыяй займаецца «ГорадняГрамадзянПраект». Муры Старога замку хаваюць пад таннаю сучаснаю цэглаю. Фактычна, будаўнікі ўзводзяць новыя сцены побач са старымі, змяняючы вонкавы выгляд помніка архітэктуры. Аднак кіраўніцтва праектнага прадпрыемства супакойвае: пазней сучасную цэглу затынкуюць.

Некаторыя адмыслоўцы таксама не бачаць праблемы. Галоўнае, каб канчатковы выгляд адпавядаў канкрэтнаму гістарычнаму перыяду. Ігар Лапеха, гісторык архітэктуры, краязнаўца:

«Мы можам стылізаваць тыя дэкаратыўныя элементы, бо ў нас вельмі шмат ёсць аналагаў, і стварыць атмасферу замку канца XVI стагоддзя, Каралеўскага замку Стэфана Баторага».

Як пазітыўны прыклад Ігар Лапеха называе сабор Нотр-Дам-дэ-Пары, 60 адсоткаў якога – гэта рэканструкцыя, зробленая ў ХІХ стагоддзі. Гісторык архітэктуры Ігар Лапеха дадае:

«З чаго будуць выкладзеныя сцены – абсалютна ўсё роўна. Я б увогуле іх выкладаў з пенаблокаў, бо яны ўсё адно тынкуюцца, усё роўна дэкаруюцца пад XVI стагоддзе, усё роўна ёсць муляжом».

Праект рэканструкцыі прадугледжвае тры этапы. Спачатку рэканструююць браму, галерэю паміж ёй і палацам, а таксама вежу. Ці будуць гэтыя аб’екты выглядаць, як у часы Стэфана Баторага, стане вядома не раней за 2020 год, калі скончыцца першы этап рэканструкцыі.

Міхась Ільін, belsat.eu

Фота: Васіль Малчанаў