Перавышэнні ў 16 разоў! Некалькі беларускіх вёсак засталіся без пітной вады


Жыхар вёскі Перасека Ігар Случак выкарыстоўвае ваду з калодзежа толькі для купання паўгадовага сына. Тая вада, што падаецца ў дом з воданапорнай вежы, не прыдатная ні для піцця, ні для мыцця.

У ёй перавышэнне жалеза ў 16 разоў. Непрыемныя колер і пах вады.

«Вось такім фільтр стаў праз адзін-два дні. Карычневым, і асадак на ім вялікі. А калі я яго толькі ставіў, ён быў вось такі беленькі. Можна нават параўнаць», – расказвае Ігар.

Ігар з жонкай Алінай напісалі ўладам не адзін дзясятак зваротаў.

«Праблема – перавышэнне па жалезе… Толькі па Гомельскай вобласці мы атрымалі адказ, што ў 350 населеных пунктах. Нітраты ў вадзе – гэта праблема не толькі нашай вёскі, а ўсёй Беларусі. Сельскагаспадарчыя палеткі месцяцца блізка да населеных пунктаў, туды трапляюць нітраты, забруджваюцца вадасховішчы побач, і вада становіцца тэхнічнай. Але людзі п’юць, бо ніхто іх не папярэджвае», – расказвае жонка Ігара Аліна Нагорная.

З дваццаці вёсак, якія адносяцца да Дварэцкага сельскага савету, як мінімум у чатырнаццаці ў пробах вады выявілі перавышэнне нітратаў і жалеза. ЖКГ Гомельскай вобласці запэўнівае: на калодзежах з дрэннай вадой вісяць абʼявы, што вада ў іх тэхнічная. Мы спраўдзілі ўсе студні ў вёсцы Пласкіня, такіх папярэджанняў не знайшлося.

«Нібыта на гэтым калодзежы вісіць таблічка, якая папярэджвае жыхароў, што гэтую ваду піць нельга. Вы ведаеце пра гэта што-небудзь?»

– «Не, я пʼю, але толькі гатаваную», – кажа жыхарка вёскі Пласкіня Тамара Раткевіч.

Паводле інфармацыі Сусветнай арганізацыі здароўя, нітраты ўваходзяць у тройку хімічных рэчываў нароўні з мышʼяком і фтарыдам, якія маюць сурʼёзныя наступствы для здароўя людзей. Кіпячэнне ж вады нітратаў не ліквідуе. Зʼяўляюцца яны ў вадзе і не толькі пасля ўгнойвання палёў…

«Альбо нейкія збудаванні ёсць паблізу: свінакомплексы або жывёлагадоўчыя фермы. Гэтыя адкіды ад жыццядзейнасці жывёлы застаюцца і нейкім чынам усё гэта пранікае ў зямлю», – кажа былы галоўны механік «Менскводаканалу» Валярʼян Белы.

Солі жалеза ўтрымліваюцца ўва ўсёй артэзіянскай вадзе. Але ў буйных населеных пунктах з гэтым спраўляюцца з дапамогаю станцыяў абезжалезвання вады.

«Калі скардзяцца людзі, у якіх на паселішчах ёсць адна свідравіна, пабудаваць… проста няма грошай на гэтыя працы. Хоць можна ачышчаць і там. Трэба будаваць збудаванні напорныя», – лічыць Валярʼян Белы.

Але станцыі для ачышчэння вады ад нітратаў і жалеза патрабуюць ад дзяржаўнага бюджэту сурʼёзных фінансавых намаганняў. У Беларусі летась планавалі пабудаваць 275 станцыяў абезжалезвання. У 2019-м з запланаваных 248 станцыяў увялі ў эксплуатацыю 210.

Што застаецца рабіць жыхарам малых вёсак, у якіх не будуюцца станцыі і няма якаснай пітной вады?

«Мы прапануем падвоз вады са свідравіны або бутыляванай на платнай аснове».

– «На платнай?»

– «Ну, толькі так. Па-іншаму не прадугледжана… Акрамя як падвозу вады, нічога запланаваць немагчыма. Чысцім, дэзынфікуем студні», – расказвае кіраўніца справамі Дварэцкага сельскага савету Таццяна Палюн.

І калі чалавек можа набыць сабе чыстую ваду, то сельскагаспадарчую жывёлу, мяса і малако якой выкарыстоўваецца ў ежу, пояць любой: і з перавышэннем жалеза, і з атрутнымі нітратамі. Ніякіх нарматываў адносна якасці пітной вады для жывёлы ў Беларусі няма.

Алена Дубовік «Белсат»