«Свабода прэсы – універсальнае і фундаментальнае права». Пасля выбараў у Беларусі больш за 470 затрыманняў журналістаў


Неадкладна спыніць пераслед журналістаў. З такім патрабаваннем да ўладаў Беларусі звярнулася нямецкая Асацыяцыя журналістаў. Пасля выбараў 9-га жніўня ў Беларусі было больш за 470 затрыманняў журналістаў.

«Гэта жорсткая спроба перадухіліць крытычнае асвятленне падзеяў», – гаворыцца ў заяве.

«Свабода прэсы – універсальнае і фундаментальнае права», – падкрэслівае нямецкі саюз журналістаў.

Ператрусы ў кватэрах і ў офісе. Допыты і канфіскацыя лічбавых носьбітаў, тэлефонаў, дакументаў і нават пячатак. З аўторка Дэпартамент фінансавых расследаванняў правярае незалежны берасцейскі часопіс «Бінокль».

«Нас абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйных памерах. Але ў нас няма ніякіх дакументаў, таму ніякіх падрабязнасцяў мы распавесці не можам», – кажа Дар‘я Гарашчанка, выдаўца інтэрнэт-часопісу «Бінокль».

«Інтарэс да часопісу з‘явіўся пасля таго, як у нас з’явіліся навіны, пасля таго, як у нас зʼявілася такая павестка пасля жнівеньскіх падзеяў. У нас затрымлівалі фатографа, затрымлівалі мяне. Фатограф адбываў арышт», – дадае Ксенія Пятровіч, галоўны рэдактар інтэрнэт-часопісу «Бінокль».

Ціск зазнаюць не толькі грамадска-палітычныя выданні. Папулярнае спартовае выданне «Прэсбол» у студзені адзначыла сумны 30-гадовы юбілей. За апошнія месяцы з рэдакцыі сышлі два галоўныя рэдактары, іхныя намеснікі, шэраг журналістаў. Звольніліся на знак пратэсту з прызначэннем на пасаду галоўнага рэдактара Сяргея Лісічкіна, былога журналіста «АНТ», рэкамендаванага Беларускай федэрацыяй футболу. Новы кіраўнік увёў у выданне забарону на «палітыку».

«Наконт абстаноўкі магу судзіць з рэакцыі людзей, якія сыходзілі ды працягваюць сыходзіць, што да лепшага, хаця былі такія надзеі… Нічога не мяняецца. Выданне, груба кажучы, дэградуе», – адзначае былы журналіст «Прэсболу» Сяргей Азаркевіч.

Ад дачкі з СІЗА атрымала больш лістоў, чым некалі эсэмэсак, жартуе Наталля. Яе дачка – журналістка «Белсату» Дар’я Чульцова – разам з Кацярынай Андрэевай за кратамі больш за два месяцы. Іх затрымалі 15-га лістапада, калі яны працавалі падчас акцыі ў памяць аб забітым Раману Бандарэнку. 9-га лютага дзяўчын будуць судзіць за нібыта арганізацыю і падрыхтоўку масавых закалотаў. Справядлівага прысуду маці не чакае.

«Калі яны захацелі, яны ўсё роўна пасадзяць. Гэта нават не абмяркоўваецца. Я сябе рыхтую, каб потым не было гэтых непрытомных станаў. Самі разумееце, што мама. Гэтым усё сказана», – упэўненая Наталля.

Толькі сёлета былі затрыманыя тры журналісты. 15 содняў арышту за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце адбывае аператар «Белсату» Аляксандр Мікрукоў, а нашая калега Галіна Абакунчык пакараная штрафам 1450 рублёў. 10 журналістаў па-ранейшаму застаюцца за кратамі.

Ігар Станкевіч, belsat.eu