Аб'ектыў 02.06.2017 Пераслед Філіповіча – пачатак вайны супраць блогераў?


«З улікам росту папулярнасці свайго каналу, Філіповіч Максім Генадзьевіч фактычна замяняе сабою дзяржаўныя СМІ, у тым ліку па фармаванню грамадскага меркавання сярод грамадзянаў Рэспублікі Беларусь».

Такой высновай суправаджаюцца матэрыялы адміністратыўнай справы супраць гомельскага блогера. Пра позву супраць сябе Філіповіч даведаўся праз лаканічнае смс-паведамленне. Замяняць прадукт дзяржаўных СМІ блогер меўся 17-цю відэа, большасць з якіх зняў на сваім балконе.

«Гэта вельмі трывожны факт – раней, як мы ведаем, толькі журналістаў-фрылансераў, якія здымаюць для тэлеканалу Белсат да прыкладу абвінавачвалі ў тым, што яны працуюць на замежны тэлеканал. Тое, што сёння адбылося – гэта ўжо новы званок. Улада кажа, што яна будзе кантраляваць інтэрнэт, кажа, што будзе кантраляваць усю інфармацыйную прастору», – зазначыў Максім Філіповіч.

Пераслед за праўду

За свае відэа ў якіх блогер выказваўся супраць гэтак званага падатку на дармаедаў і онлайн-трансляцыі з акцыяў пратэсту Філіповіч адседзеў ужо месяц адміністратыўных арыштаў. Ён мяркуе, што і гэтая справа ёсць лагічным працягам ранейшага судовага пераследу.

Калі Філіповіча пакараюць, то гэта будзе не першы такі выпадак у гісторыі беларускай судовай сістэмы. Сёлета ў красавік валанцёра аршанскага сацыяльнага праекту «Хрушы супраць» Юлію Грэнкаву аштрафавалі на 25 базавых велічыняў за онлайн трансляцыю ў аднакласніках з прыюту для бадзяжных сабакаў.

Абвінавачанне не па законе

«Нават нацыянальны закон аб СМІ – ён не карае за тое, што чалавек бярэ, здымае, ці транслюе на сваім асабістым канале ў youtub, у інтэрнэце. Няма такой адказнасці – гэта адказнасць прыцягнутая за вушы», – тлумачыць праваабаронца Леанід Судаленка.

Прыцягнутая за вушы справа, тым не менш можа каштаваць блогеру нават 50 базавых велічыняў штрафу – каля $ 1000 – столькі прадугледжвае максімальнае пакаранне па па гэтым артыкуле – незаконны незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі. Пакаранне да нядаўняга часу знаёмае толькі нашым калегам журналістам-фрылансерам, якія толькі сёлета атрымалі штрафаў на суму ў Br 15.5 тыс.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары