Перапіс насельніцтва онлайн: усё пайшло не паводле плану

18 кастрычніка – апошні дзень перапісу онлайн, які меў выглядаць прыкладна гэтак: сядаем за камп’ютар, адкрываем сайт і адказваем на пытанні. На ўсё разам – 5 хвілінаў. Гэтак планавалі і ў Беларусі, але як заўсёды, усё пайшло не паводле плану.

Згодна са звесткамі сайту census.by, перапісаліся каля 2 мільёнаў чалавек, але не без складанасцяў. Ужо ў першы дзень інтэрнаўты пачалі скардзіцца на тое, што сайт дрэнна працуе і перапісацца онлайн шмат у каго не атрымліваецца.

Алесь Крот, гарадскі актывіст:

«Атрымалася, што мяне няма ў базе, якая звязаная з банкам нейкім чынам, хаця я думаў, што яна будзе прывязаная да нейкага ўнікальнага коду, які табе выдаюць у Цэнтры электронных паслугаў. І мне прыйшлося такім чынам выканаць свой грамадзянскі абавязак і пайсці ў стацыянарны пункт».

Таксама праблема ўзнікла і ў некаторых беларусаў, якія цяпер за мяжой і фізічна не могуць зʼявіцца на стацыянарных участках. Пры гэтым яны маюць беларускі нумар тэлефону ў роўмінгу, а таксама рахункі ў беларускіх банках. Сістэма ж кажа, што ў базе іх проста не існуе.

Дарʼя Грэбень, спецыялістка тэставання ПЗ:

«Жадаючых было шмат – сістэма проста не вытрымала. Пасля будзь якія пытанні сінхранізацыі з якімі-небудзь нашымі дзяржаўнымі архівамі (напэўна, я не ведаю начыння, як гэта ўсё ў іх працуе, але я так разумею) падцягвалі дадзеныя са старонніх сэрвісаў, і гэты момант інтэграцыі быў непратэставаны, а недзе быў яшчэ і не прадугледжаны».

На стацыянарных жа ўчастках ёсць магчымасць перапісацца і пазначыць роднай мовай беларускую да 30 кастрычніка. Інтэрактыўную мапу гэтых пунктаў можна знайсці ў інтэрнэце на сайце Белстату. Таксама перапіс можна будзе прайсці ўдома: арганізаваныя групы валанцёраў, якія будуць хадзіць па кватэрах.

Марыя Арцыбашава belsat.eu

https://belsat.eu/news/mis-svetu-za-belaruskuyu-movu/

Глядзі таксама