Перапіс насельніцтва – 2019: першыя вынікі


Менш за дзевяць з паловаю мільёнаў (9 413 446). Столькі жыхароў Беларусі налічылі ў перапісе насельніцтва – 2019. У параўнанні з пікам, зафіксаваным 30 гадоў таму, мы страцілі каля 740 тысячаў чалавек (737 360). Гэта як страціць Гомель – найбуйнейшы абласны цэнтр – і яшчэ некалькі дзясяткаў мястэчак.

«Галоўны фактар, што ў нас нараджальнасць не вельмі высокая. Каб насельніцтва было стабільнае, неабходная нараджальнасць на ўзроўні 2,1 дзіця ў сярэднім на жанчыну», – Леў Львоўскі, сацыёлаг BEROC.

Нараджальнасць змяншаецца, насельніцтва старэе. Аднак гэткая дэмаграфічная статыстыка не ўлічвае асобаў, якія з’язджаюць з краіны. А таму вынікі перапісу разышліся з гадавымі падлікамі Белстату амаль на цэлыя Калінкавічы.

«41 тысяча чалавек – у нас розніца ў цэлым па рэспубліцы. Гэта датычыць вонкавай міграцыі. Што датычыць рэгіёнаў – гэта ўнутрырэспубліканская міграцыя. Асноўная працэдура, што адбылася. Асноўнае зніжэнне. Вось там – так, там зніжэнне істотнае», – Інна Мядзведзева, старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэту.

Гэтак, колькасць жыхароў у пяці рэгіёнах зменшылася на карысць Менску, які канчаткова афіцыйна стаўся горадам-двумільённікам. Прырост таксама выявілі ў паселішчах блізу буйных гарадоў. Аднак па-ранейшаму гараджанаў у параўнанні з вяскоўцамі – істотна болей. Чаму ж?

«Моладзі патрэбная праца, таму большая частка едзе ў Гомель», – кажа жыхарка Веткі.

«Усё зробленае ў горадзе дзеля таго, каб жыць, але працы няма», – кажа іншая жыхарка Веткі.

«У Ветцы няма прадпрыемстваў ніякіх, усё зачыненае, калі б нешта было для працаўладкавання, я думаю, і больш бы насельніцтва было», – сцвярджае жыхарка Веткі.

Гэткае жаданне тлумачыцца не толькі меншым беспрацоўем у вялікіх гарадах, але і большымі заробкамі.

«Трыццаціадсоткавы разрыў. Ён ніколі не будзе змяншацца, у гэтым ёсць агульнасусветная тэндэнцыя. Таму імкнуцца жыць у цэнтры. Расейцы едуць у Маскву, амерыканцы едуць у Нью-Ёрк, а Беларусы едуць у Менск», – Леанід Заіка, эканаміст.

Якое месца найлепей падышло б для пераезду, мы пацікавіліся таксама ў жыхароў Пінску.

«Я не хачу заставацца ў Пінску. Гэта не самы лепшы горад. Збіраюся з’ехаць у Італію, у мяне там сваякі, там лягчэй жыць, заробак вышэйшы», – кажа жыхар Пінску.

«Я хачу зʼехаць у Менск і там далей працаваць па ІТ-спецыяльнасці, хачу трапіць у Менск у ІТ-кампанію», – кажа іншы жыхар Пінску.

«Мне тут больш падабаецца, чым у Менску. Тут людзі больш добразычлівыя. Аднак калі зʼязджаць, то толькі ў іншую краіну, і больш нікуды», – мяркуе Пінчук.

Адзін з самых невялікіх зафіксаваных перапісам разрываў – гендарны. Большасць жыхароў нашае краіны складаюць жанчыны. Між тым, гэта далёка не ўсе вынікі апытання. Падрабязную інфармацыю пра апошні перапіс насельніцтва Нацыянальны статыстычны камітэт абяцае агучыць увосень.

Юлія Лабанава, «Белсат»