«Перапіс для мяне пустое месца». Як беларусы ставяцца да перапісу насельніцтва


Сёння першы дзень, як узброеныя планшэтамі перапісчыкі пачалі хадзіць па дамах і кватэрах, каб кожны жыхар Беларусі адказаў на пытанні дзяржаўнай важнасці. Пагрукаць у вашыя дзверы статыстыкі могуць у межах 09:00-21:00 гадзінаў цягам 10 дзён. У Магілёве камера «Белсату» вандравала разам з працаўнікамі Белстату.

«Адзін раз толькі перад выбарамі трактар прайшоўся на выбары прэзідэнта, таму я не хачу перапісвацца» – скардзіцца жыхар Магілёву. – «Нікому не трэба! То мне выбары не трэба! Узімку два-тры тыдні мінае, калі ідзе снег, выходзім з лапатамі самі чысцім снег, бо не праехаць. Машыны тэхагляд праходзяць, за дарогу плацім!»

Паводле закону «Аб перапісе насельніцтва», кожны жыхар краіны мусіць перапісацца, хоць у праціўным выпадку адказнасць не прадугледжаная. Да 30 кастрычніка ад 9 да 21 гадзіны статыстыкі будуць спрабаваць злавіць вас па месцы жыхарства. Пра вашую занятасць ведаюць.

Лілія Малахава, загадчыца ўчастку № 10 у Магілёве:

«Перапісчыкі прыходзяць тры разы, калі нікога не застаюць удома. Пакідаюць паведамленні з нумарамі тэлефонаў і адрасам, дзе асоба можа перапісацца, калі перапісчык не можа яго ўдома застаць».

Можна таксама перапісацца на стацыянарным участку ці зтэлефанавацца з перапісчыкам ды сустрэцца ў зручным для абодвух месцы. Як яго пазнаць?

«Ёсць апазнавальныя знакі – бэджык, торба, планшэт. Думаю, даўно вядома, як мае выглядаць сапраўдны перапісчык», – тлумачыць Лілія Малахава, загадчыца ўчастку № 10 у Магілёве.

Варта ведаць, каб не адчыніць дзверы злодзеям, што здаралася падчас мінулых перапісаў насельніцтва ў 1999 і 2009 гадах… Раз на 10 год дзяржава анкетуе насельніцтва паводле цікавых ёй на гэты момант пытанняў. Наталля Рабава, Школа маладых менеджараў публічнага адміністравання SYMPA:

«Для аналітыкі, для прагназавання, для вылічвання ўсіх параметраў разнастайных палітык і вёрсткі бюджэту, сацыяльнай палітыкі і сямейнай… Для ўсяго гэтага трэба ведаць, колькі людзей, у якім узросце, у якім населеным пункце і з якімі характарыстыкамі ў нас ёсць жыхары».

Перапіс насельніцтва стартаваў 4 кастрычніка, і ўжо амаль 5 мільёнаў асобаў прайшлі апытанне. Улічыцца можна было праз інтэрнэт, упісаўшы свой ідэнтыфікацыйны нумар (па пашпарце). Пры гэтым падгружалася 25 адсоткаў інфармацыі па анкеце: імя, год і месца нараджэння, палавая прыналежнасць.

У некаторых выпадках аўтаматычна пазначаўся выбар расейскай мовы ў якасці роднай. Сумленныя беларусы патрабавалі змяніць выбар на беларускую. Адная з перапісаных магіляўчанак кажа:

«Я нават унукаў сваіх вучу – мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе не маю сілы. Бо родная зямля – гэта… вох! Вельмі люблю Беларусь»

І мяркуе, што «перапіс насельніцтва» дазволіць кіраўніцтву краіны палепшыць іхны дабрабыт. У такі сцэнар вераць не ўсе.

«Я думаю, ад мяне нічога не залежыць, і тое, што вы мяне перапісалі, – для мяне пустое месца», – кажа жыхар Магілёва.

Для будучыні, відаць, важна, бо грошы на правядзенне перапісу здабываліся не адзін год. Толькі на 35 % яны бюджэтныя. Каментуе Наталля Рабава, Школа маладых менеджараў публічнага адміністравання SYMPA:

«Тут трэба сказаць дзякуй Сусветнаму банку, бо без яго наш перапіс выглядаў бы зусім сціпла. Нават не ведаю, як бы мы маглі яго на ўзроўні правесці сваймі сіламі».

Сёлета ўпершыню акцыя праходзіць з выкарыстаннем высокіх тэхналогіяў, што мае спрасціць апрацоўванне звестак.

Валанцёры працуюць бясплатна.

Юлія Цяльпук belsat.eu