Перапіс-2019 распачаўся. На якія пытанні варта звярнуць увагу?


А вы ўжо перапісаліся? У Беларусі распачаўся трэці перапіс насельніцтва. У анкеце – 49 пытанняў, адно з галоўных – пад нумарам 12 – якая мова для грамадзянаў родная.

«У тыя дні выйшаў ад Кесара Аўгуста загад правесці перапіс па ўсёй зямлі. І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад. Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі ў горад Давідаў, названы Віфлеемам, запісацца з Марыяй, заручанаю яму жонкай, якая была цяжарная». Гэтыя радкі Евангелля – пісьмовыя сведчанні таго, што перапіс насельніцтва пачалі праводзіць больш за 2 тысячы гадоў таму – яшчэ да хрысціянства.

Асаблівасць перапісу-2019 – перапісныя лісты запаўняюць не толькі валанцёры, абыходзячы дамы, але і самыя грамадзяне ў пунктах перапісу ў адміністрацыйных будынках і на адмысловым інтэрнэт-сайце Белстату. Калі той, натуральна, адновіць стабільную працу: у першы дзень онлайн-перапіс працаваў з частымі перабоямі.

«На 10:30 раніцы ў нас ужо было 7 наведнікаў. Гэта сведчыць пра тое, што жыхары Менску разумеюць важнасць гэтай дзяржаўнай задачы», – паведаміў загадчык пункту перапісу Андрэй Кузьмін.

Першы вядомы перапіс на тэрыторыі нашай краіны адбыўся ў 1897 годзе, з 1959-га кампанія праходзіць кожныя 10 гадоў. У гісторыі незалежнай Беларусі гэта трэці перапіс. Гэтым разам мы адкажам на 49 пытанняў. Між іншага пра адукацыю, працу, хатнюю гаспадарку. А таксама пра мову, а менавіта – якую мову беларусы назавуць роднай. Анкета перапісу ўдакладняе, што гаворка пра мову, засвоеную першай у дзяцінстве.

«Родная мова, я скажу, беларуская, бо мы жывём у гэтай дзяржаве, таму і родная мова мусіць быць беларуская».

«Напэўна, напішам, што беларуская, бо мы самі беларусы. Глядзіце, тэлебачанне пачынае па-беларуску прамаўляць – вось і мы будзем старацца размаўляць на беларускай мове, вучыцца».

«Родная мова – беларуская. Я не размаўляю па-беларуску, але чытаю літаратуру: Караткевіча, Шамякіна. Як казаў Шамякін, што не мае роднай мовы, можа згубіць і сябе», – распавядаюць жыхары Менску.

Яшчэ напярэдадні Беларускі статыстычны камітэт распачаў высылаць на мабільныя тэлефоны грамадзянаў смс-паведамленні пра тэрміны перапісу. Атрымальнікі і адмыслоўцы звяртаюць увагу, што яны напісаныя толькі па-расейску, а пытанні пра родную мову ў падпісных лістах складзеныя некарэктна. Сёння ж пытанне мовы раўназначнае пытанню незалежнасці краіны, кажа адмысловец.

«Я як гісторык магу сказаць, што той перапіс у Рэспубліцы Беларусь, які сёння пачаўся, можна параўнаць толькі з тым перапісам, які адбыўся ў Расейскай імперыі ў 1897 годзе. Дзякуючы таму перапісу ўзнікла БНР і БССР. І калі б тады 6 мільёнаў людзей не напісалі, што іх родная мова беларуская, то ніякіх беларусаў ужо даўно б не было і дзяржавы Беларусь таксама. Прайшло 100 гадоў і гісторыя паўтараецца», – тлумачыць ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў.

З прычыны важнасці пытанняў мовы тэлеканал «Белсат» разам з грамадскімі арганізацыямі і кампаніямі – «Арт Сядзіба», інтэрнэт-крамаю symbal.by, Беларускім ПЭН-цэнтрам, Згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына», брэндам «ЛСТР Адзенне» («LSTR Adzieńnie»), інтэрнэт-кнігарняй Knihi.by – распачаў кампанію «Беларускамоўны».

Падчас папярэдняга перапісу 2009 года беларускую мову роднаю назвалі 53,2 % жыхароў краіны, а яшчэ 10 гадоў раней – у 1999-м – беларуская была роднаю для 73,6 % жыхароў.

Галіна Абакунчык belsat.eu