Перанос ЧМ-2021: рэакцыі


«Дэмакратыя – Лукашэнка 1:0», – гэтак учорашнюю пастанову Рады Міжнароднай федэрацыі хакею пракаментаваў у сваім «Тўітэры» кіраўнік МЗС Чэхіі Томаш Пэтршычэк.

Перанос менскай часткі чэмпіянату ўхвалілі прадстаўнікі федэрацыяў хакею Швецыі, Фінляндыі, Нямеччыны, Швейцарыі ды Латвіі. Падтрыманне выказалі прадстаўнікі дзяржаўнага дэпартаменту ЗША, дэпутаты Еўрапарламенту і Бундэстагу.

«Нарэшце! Гэта трэба было зрабіць даўно. Гэта ўдалося дзякуючы ціску грамадзянскай супольнасці і спонсараў. А прэзідэнт Фазэль выглядаў нікчэмна», – напісала дэпутатка Бундэстагу ад партыі «Зялёныя» Маргарэтэ Баузэ.

Вітаюць рашэнне Міжнароднай федэрацыі хакею на лёдзе і ў офісе Святланы Ціханоўскай, а таксама Беларускім фондзе спартовай салідарнасці.

Менчукі таксама з разуменнем паставіліся да пераносу турніру:

«Я думаю, правільна. Не час, зэканомім грошы. Пры гэтым наконт бяспекі яшчэ няясна: магчыма, хто гасцей пакрыўдзіць».

«Спорт не мусіць быць элементам палітыкі. Падавалася б, наадварот, далі б шанц паказаць, што тут усё нармальна».

«Вы ведаеце, я за тое, каб не праводзілі. З-за Лукашэнкі. Ён ува ўсім вінаваты. Сышоў бы, усё было б нармальна!»

«Тое, што ў краіне адбываецца – гэта небяспечна для людзей».

«Нельга праводзіць у такой цяжкой сітуацыі, мне падаецца. Нават тыя, хто будуць гуляць, гэтыя хакеісты нават самі пабаяцца сюды паехаць».

«Пры такой сітуацыі праводзіць нельга. Бо людзі ў турмах сядзяць, іх там збіваюць. Гэта ўсё несправядліва».

Рэакцыя ўладаў Беларусі ня стала неспадзяванкаю. Арганізацыйны камітэт турніру ў сваёй заяве назваў рашэнне палітычным, а аглядальнік газеты Адміністрацыі прэзідэнта Сяргей Канашыц абурыўся «адсутнасцю справядлівага расследавання і суда».

Фігурант незалежнага расследавання пра забойства Рамана Бандарэнкі і разам з тым кіраўнік Беларускай федэрацыі хакею Дзмітрый Баскаў у сваім звароце абурыўся, цытата, «скрадзеным у тысячаў дзяцей святам», а аўтары вядомага прапагандысцкага тэлеграм-каналу паабяцалі беларусам адпомсціць узмоцненымі рэпрэсіямі.

Палітолаг Пётра Пятроўскі запрапанаваў уладам Беларусі зладзіць «альтэрнатыўны чэмпіянат свету».

«Беларусі варта запрасіць да ўдзелу каманды Кыргыстана, Арменіі, а таксама краіны-ўдзельніцы ШАС ды Сербію», – кажа Пятроўскі.

Адзіным адвакатам рэжыму на міжнароднай арэне традыцыйна выступілі прадстаўнікі Расеі. Прэсавы сакратар Уладзіміра Пуціна выказаў сваё расчараванне пастановаю пра перанос, скандальна вядомы дэпутат Мілонаў назваў дзеянні Міжнароднай федэрацыі хакею «гнюснасцю ды абсалютным хакейным гомасэксуалізмам», а былы галоўны трэнер расейскай зборнай паабяцаў «яшчэ ня раз праспяваць «Калінку».

Тым часам прадстаўнік Міжнароднай федэрацыі хакею Калерво Кумала заявіў, што Беларусь яшчэ будзе мець магчымасць атрымаць чэмпіянат свету, і той, безумоўна, станецца сапраўдным спартовым святам. Але толькі пасля таго, як сітуацыя ў краіне зменіцца.

Алесь Баразенка, «Белсат»