Перамовы без гальштукаў і хакей у адну браму


Планавалі размову пра нафту, а паехалі гуляць у хакей. У расейскім Сочы ідуць перамовы паміж Лукашэнкам і Пуціным. Галоўнае пытанне для першага – кошт нафты, для другога інтэграцыя. Што вядома з сустрэчы ў «Чырвонай Паляне».

«Пашчасціла ж вам, і снегу мора…» – пазайздросціў беларускі лідар – расейскаму і сціснуў яго ў абдымцы. У Расеі і нафты мора… аднак снег перашкодзіў перамовам у запланаваным складзе. У Сочы не змог прызямліцца самалёт з міністрамі і прэс-сакратаром Пуціна Дзмітрыем Пясковым, які пажартаваў:

«Есць толькі адна асоба, без якой нельга абысціся на перамовах».

Гэтая асоба сустрэла беларускага калегу без гальштуку. За сняданнем гальштуку пазбавіўся і Лукашэнка. Сочынская апазіцыянерка Ірэн Ільянкова з партыі «Яблоко» тлумачыць:

«Увогуле Пуцін нічога не робіць проста так, па наіўнасці і ці выпадкова. Ён не будзе саступаць сваіх уласных пазіцыяў. У яго ёсць пэўны пункт – ён заўжды мае быць зверху».

Пасля двухбаковай сустрэчы – перамовы ў няпоўным складзе, дзе Уладзімір Пуцін пратакольна прамовіў:

«У нас пытанняў шмат, мы з Аляксандрам Рыгоравічам ужо паўтары гадзіны ў пытаннях, якія прадстаўляюць, так бы мовіць, узаемны інтарэс».

Расейскую дэлегацыю вырашылі ўсё ж дачакацца. Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў:

«Неба нібыта ўжо раз’яснілася. Таму тады мы і працягнем нашую размову. Ёсць пра што казаць і над чым працаваць».

Усё што накапілася, Лукашэнка красамоўна распавёў медыям напярэдадні, згодна са сваёю ўжо пазнавальнаю тактыкай:

«Яны там у позу сталі і нас на калені спрабуюць паставіць. Калі вы не можаце нам у Мытным звязе бязмытна паставіць нафту (падатковым манеўрам замянілі, дурняў знайшлі), прадайце нам па сусветных коштах. Давайце будзем супрацоўнічаць. Не – не хочацца. Хочацца па-візантыйску ўдарыць і нахіліць».

Рыхтуючыся да перамоваў, Лукашэнка склікаў нараду, дзе ўсе прэтэнзіі прагучалі ў лічбах: для Беларусі ў 2019 годзе страты сумарна склалі $ 330 млн. З іх $ 130 млн – страты бюджэту, і $ 200 мільёнаў долараў – страты нафтаперапрацоўчых заводаў. НПЗ працуюць на мінімальных магутнасцях. Экспарт пакуль не пацярпеў, а ва Украінскім кірунку нават павялічыўся – рапартуе «Белнафтахім».

На міжурадавым узроўні Расея абавязалася паставіць нам сёлета 24 мільёны тонаў нафты, па два мільёны тон на месяц. У студзені – атрымалі чвэрць гэтага аб’ёму. У Сочы кіраўнік Беларусі ляцеў па канкрэтны адказ, кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:

«Паколькі беларуская эканоміка залежыць ад расейскай, і Расеі патрэбен беларускі плацдарм, то будуць заклятыя хаўруснікі з крывымі ўсмешкамі перад тэлекамерамі спрабаваць неяк знайсці агульную мову і нейкі хаця б часовы кампраміс».

Магчыма, кампраміс знайшлі. Не Крэмль, а расейскія нафтавыя кампаніі распачалі закуп паліва для сваіх аўтазаправак – дзеля падтрымання свайго бізнесу ў Беларусі. Але гэта не вынікам сочынскіх перамоваў, якія як ніколі зацягнуліся. Жыхары гораду пра сустрэчу нават ня ведаюць, а пра саступкі Беларусі кажуць наступнае:

«Гульню ў адну браму» Пуцін і Лукашэнка дэманстравалі сёння ў чаканні на самалёт з расейскімі калегамі. За сталом перамоваў жа – у кожнага – брама свая».

Юлія Цяльпук belsat.eu