Перамогі і Пуцін ужо не так натхняюць расейцаў, як раней


Спачатку армія, пасля – прэзідэнт, а таксама ФСБ і царква – гэтак выглядае спіс інстытутаў, якім больш за ўсё давяраюць расейцы. Паводле сацыёлагаў, рэйтынг Уладзіміра Пуціна вярнуўся да «дакрымскіх» значэнняў, аўтарытэт жа ўзброеных сіл застаўся непахісны. Чаму так адбылося? І як папулярнасць людзей у пагонах уплывае на расейскую палітыку?

Папулярнасць войска ўпершыню перавысіла папулярнасць Уладзіміра Пуціна. Паводле апошняга апытання Левада-Цэнтру, арміі давяраюць дзве траціны расейцаў. І папулярнасць гэтую сацыёлагі тлумачаць традыцыямі, паляпшэннем матэрыяльнага становішча вайскоўцаў і піярам. Андрэй Вардамацкі, сацыёлаг:

«Вельмі добра ў расейскіх сродках масавай інфармацыі падаецца войска і яе дзеянні за мяжой. Тэхналагічна гэта зроблена бліскуча».

Апытанні паказваюць, што давер да расейскай арміі расце падчас канфліктаў. Так было ў пачатку другой чачэнскай і расейска-грузінскай вайны, гэтак было і пасля анексіі Крыму. Праўда, не ўсе апытаныя намі жыхары Тальяці былі ўражаныя ваеннымі перамогамі. Жыхары Тальяці:

«Новая ўлада ў войску і парадку стала больш».

« Войска – гэта Расея! Пуцін наагул малайчына! Паважаю Пуціна».

«Вайны няма. Ну ёсць армія і ёсць. Як такі гонару не выклікае».

«Мадэрнізацыя нашых узброеных сіл не на ўзроўні, як мне здаецца».

«Давяраю! А хто ж нас яшчэ будзе бараніць!»

«Узбраенне, якое ў нас сёння ёсць – адно з наймацнейшых у свеце».

«Заўсёды арміі давяраў – звычка такая».

Рэкордных вышыняў пасля акупацыі Крыму дасягнуў і рэйтынг расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Але эканамічныя праблемы апынуліся мацнейшыя за ура-патрыятызм. Аляксаей Левінсан, сацыёлаг, Левада-Цэнтр:

«Павышэнне пенсійнага ўзросту для шмат каго з расейцаў апынулася захадай, да якой яны былі не гатовыя, і яны перажылі шок».

Пры гэтым давер да Уладзіміра Пуціна вельмі далёкі ад узроўню, пры якім ён мог бы баяцца за сваю ўладу. Шгар Эйдман, сацыёлаг:

«Пуцін пабудаваў вельмі жорсткую машыну здушэння любых пратэстаў, любога іншадумства. І зрынуць яго, пераабраць, паквапіцца на ягоную ўладу вар’яцка складана».

Разам з войскам і прэзідэнтам, давер расейцаў выклікаюць спецслужбы і царква. А вось Дзярждума, суды і мясцовыя ўлады знаходзяцца на самых нізкіх радках рэйтынгу. Ім давярае менш за чвэрць расейцаў. Аляксаей Левінсан, сацыёлаг, Левада-Цэнтр:

«Вобраз дзяржавы, як, з аднаго боку, высока духоўнай, з другога боку – мілітарызаванай, існуе ў вачах самых расейцаў. А прэзідэнт з’яўляецца сімвалічнай вяршыняй усіх гэтых пачаткаў».

Начальнік дзяржавы Уладзімір Пуцін можа паспрабаваць выкарыстаць аўтарытэт войска для павышэння ўласнага рэйтынгу. Небяспека новых ваенных авантураў захоўваецца. Аднак эксперты папярэджваюць, што крымскі піяр-поспех паўтарыць ужо не атрымаецца. Перамогі ўжо не так натхняюць расейцаў, як раней.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Фота: REUTERS / Sergei Karpukhin / FORUM