Перамога аксамітнай рэвалюцыі. Пашыньян – прэм'ер


Месяц пратэстаў скончыўся перамогай. У Арменіі пасля сыходу ў адстаўку Сэржа Саргсьяна адбыліся самыя доўгачаканыя выбары прэм’ер-міністра. З другой спробы парламент краіны ўсё ж прагаласаваў за апазіцыйнага лідара Нікола Пашыньяна.

Тысячы людзей сабраліся на плошчы Рэспублікі ў цэнтры Ерэвана, каб паглядзець наўпроставую трансляцыю паседжання. Навіну пра абранне на пост Прэм’ер-міністра Нікола Пашыньяна армяне сустрэлі апладысментамі, радаснымі воклікамі ды, нават, келіхамі шампанскага. Эйфарыя ад перамогі набыла маштаб нацыянальнага свята.

«Паважаныя калегі, я дзякую вам за гэта галасаванне і за вашу пазіцыю І я толькі хачу сказаць наступнае: я служу народу Рэспублікі Арменія, я служу ў Рэспубліцы Арменія.і Дзякуй!», – звярнуўся да людзей прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян.

Калі на пачатку аксамітнай рэвалюцыі ў Арменіі сур’ёзна ў перамогу Пашыньяна не верылі ані замежныя медыі, ані дзейны ўрад, то ўжо цягам апошняга тыдня – вынік галасавання быў прадказальны. Вулічныя пратэсты аднавіліся з новаю сілай пасля таго, як першага траўня рэспубліканская партыя адмовілася падтрымаць народнага лідара. Таму ўжо сёння зацягвання паседжання не адбылося.

«Іншыя партыі, якія маюць свае фракцыі ў Нацыянальным сходзе, то бок – у Парламенце Арменіі, падтрымалі яго, бо яны падтрымалі рашэнне народу. Менавіта ён стаў народным героем, усё завязанае на ім. Ну і ў пэўным сэнсе ўжо ствараецца культ Нікола Пашыньяна. Прадаюцца шапкі, налепкі і жаночая біжутэрыя нават, я ўжо заўважыў, з Ніколам Пашыньянам», – распавядае рэдактар «Белсату»Сяргей Пеляса, якія цяпер знаходзіцца ў Ерэване.

Апроч абяцанняў служыць народу, новаабраны прэм’ер ужо адзначыў неабходнасць знізіць колькасць штрафаў. Што да больш маштабных рэформаў – паспяховыя праграмы папярэдняга ўраду перамены не закрануць, а вось спрэчныя пытанні будуць вылучацца на грамадскія абмеркаванні.

«Галоўныя чаканні – гэта паляпшэнне звычайнага жыцця. Паляпшэнне сацыяльна-эканамічнага дастатку, але тое, што абяцае Нікол Пашыньян сваім прыхільнікам апроч эканамічных рэформаў, гэта правядзенне свабодных выбараў. Тут варта адзначыць, што ён сам пра сябе кажа, што ён будзе прэмʼерам часовага ўраду», – кажа наш журналіст Аркадзь Несцярэнка, які асвятляў пратэсты ў Арменіі.

Што да вектара вонкавай палітыкі, ужо вядома, што Нікол Пашыньян зацікаўлены ў мірным развязанні карабахскага канфлікту ды перамовах з Азербайджанам, а таксама не выключае магчымасці сустрэчы з кіраўніком Расеі падчас паседжання Еўразійскага эканамічнага савету ў Сочы.

Юлія Лабанава, «Белсат». Фота: REUTERS / Hayk Baghdasaryan / FORUM