Перамагла на выбарах – і пачала атрымліваць пагрозы па тэлефоне


Атрымала пагрозы, цяпер звярнулася ў міліцыю, хоць мала верыць у станоўчы вынік. «Белсат» сочыць за гісторыяй новаабранай дэпутаткі з Гомельшчыны Розы Стрэльчанкі, якая пасля перамогі на выбарах не можа спакойна жыць і выконваць свае абавязкі.

Пакуль міліцыя маўчыць, праваабаронцы ўжо сёння кажуць пра палітычны ціск ды нагадваюць пра крымінальную адказнасць. Пакуль невядома, хто мог пагражаць Розе Стрэльчанцы. Новааабраная дэпутатка цвердзіць, што тэлефанавалі з аднаго з нумароў Гомельскага аблвыканкаму.

«Калі да гэтай службовай асобы ў сувязі з выкананнем службовых ці працоўных абавязкаў есць пагроза, то гэта безумоўна ўтрымлівае склад крымінальнага злачынства. Артыкул 366 Крымінальнага кодэксу кажа аб тым, што такая пагроза караецца ўключна да 5-ці год пазбаўлення волі», – кажа праваабаронца Леанід Судаленка.

Паводле Розы Стрэльчанкі, такія пагрозы са службовых тэлефонаў яна атрымоўвае не першы раз. Апошняя сталася чацвертая. Гучала яна наступным чынам.

– Мы хочам павіншаваць вас з перамогаю на выбарах і мы ўпэўненыя, што вашая перамога – вынік поўнага падтрымання выбарцаў. І я ўпэўнены, што вы прыкладзяце ўсе намаганні і таленты на карысць нашай Рэспублікі Беларусь. Але ўлічыце, што нягледзячы на тое, што вы дэпутат, мы прымусова пакладзем вас у псіхіятрычную лякарню і знойдзем падставы. У псіхушцы будзеце ляжаць, Роза Віктараўна! Вам зразумела?

Новаабараная дэпутатка лічыць, што пагрозы звязаныя з ейнай грамадскаю дзейнасцю. Як сама сцвярджае, усё пачалося яшчэ летась, калі яна пачала дамагацца аднаўлення мясцовай школы… Цяпер, калі яна атрымае дэпутацкі мандат, плануе заняцца ды іншымі справамі.

«Гэта проста бязмежжа, здзек над чалавецтвам і непавага. Можа я чаго не разумею, чаму так адбываецца. Ладна давайце разглядзім такі варыянт: ну гэта ж не патэлефанавалі з хатняга тэлефону, ні з гарадскога, ні з Гомля. Чаму толькі выбіваецца: пракуратура, калінкавічская міліцыя і гомельскі аблвыканкам», – кажа Роза Стрэльчанка.

Розу Стрэльчанку падтрымліваюць мясцовыя жыхары. Доказ гэтага – упэўненая перамога на выбарах.

«Чаму гэта пуганіна я не разумею, таму што ўсе завязана….. Якою яна парушэнне зрабіла? Ніякага, – кажа мясцовы жыхар Аркадзь Сазонаў. – Рыба гніе з галавы».

«Напэўна таму што праўды дабіваецца, перашкаджае ім», – дадае яшчэ адна з мясцовых жыхарак.

Новаабраная дэпутатка не верыць, што правяранні міліцыянтаў дадуць нейкі вынік. Раней яна атрымоўвала адное адпіскі, а часам і маўчанне. На разгляд скаргі Розы Стрэльчанкі сілавікі маюць дзесяць дзён.

Міхась Слаўнікаў