Перагрузка сеткі або глушылкі – што перашкодзіла стрыму з пікету Ціханоўскай?


Што мы пабачым у дзень выбараў? І ці ўвогуле пабачым што-кольвек акрамя таго, што захочуць паказаць дзяржаўныя каналы? Да прыкладу, учорашняй сустрэчы Ціханоўскай з выбарнікамі не змаглі паказаць ніводныя незалежныя медыі. Што перашкодзіла наўпроставаму эфіру дайсці да гледача?

Вось так – праз дзясятак хвілінаў пасля пачатку – перарваўся стрым нашага каналу напярэдадні. Нечаканыя праблемы з сувяззю падчас агітацыйнага пікету Святланы Ціханоўскай у сталічным парку Дружбы народаў узніклі ў журналістаў розных медыяў.

«Ці гэта было зроблена наўмысна, ці не наўмысна, мы сказаць дакладна не можам. Але выснова галоўная – ані журналісты, ані актывісты, ані аб’яднаная апазіцыя не гатовы да крытычных падзеяў, да падзеяў плошчы, калі трэба будзе паведамляць сваім прыхільнікам, сваім чытачам, гледачам, што адбываецца», – гаворыць журналіст, медыяэсперт Франак Вячорка.

Паводле падлікаў валанцёрскай службы праваабарончага цэнтру «Вясна», на ўчорашнім мітынгу прысутнічалі каля 7500 чалавек. Праблемы з мабільным інтэрнэтам падчас мітынгу адзін з найбуйнейшых сотавых аператараў краіны – кампанія А1 – пракаментаваў нашаму каналу наступным чынам:

«У названы перыяд у абанентаў, якія знаходзіліся на тэрыторыі парку Дружбы народаў, маглі назірацца цяжкасці ў рабоце мабільнага інтэрнэту. Гэта было выклікана павышанай нагрузкай на сетку ў сувязі з правядзеннем масавага мерапрыемства ў месцы, дзе ў адпаведнасці з яго планіраваннем не прадугледжана вялікая колькасць людзей, а значыць і асаблівая тэхнічная забяспечанасць сеткі. Паказчыкі сеткавай нагрузкі перавышалі стандартныя значэнні больш як у 6 разоў. Для паляпшэння якасці паслуг кампанія заплануе працы па пашырэнні прапускной здольнасці сеткі ў гэтым раёне, каб пазбегнуць перагрузак сеткі ў будучыні».

Аўтары Telegram-каналу «Nexta Live» мяркуюць, што мабільную сувязь ды інтэрнэт у парку глушылі – з дапамогай адпаведнай машыны. Аднак ІТ-адмысловец, які пагадзіўся размаўляць з намі на ўмовах ананімнасці, просіць не распаўсюджваць чутак:

«Ніякай спробы заглушыць. Гэта проста перагрузка базавых станцыяў. Бо сувязь звычайная працавала. І ў гэтым месцы проста няма дадатковага абсталявання на такую колькасць людзей. Калі б глушылі – не было б увогуле ніякай сувязі. Глушаць па-іншаму, гэтак званым белым шумам: па ўсім дыяпазоне вяшчання нейкі шум падаецца».

Падобны правал у магутнасці сігналу назіраўся і падчас акцыяў салідарнасці 18–19 чэрвеня, нагадвае Франак Вячорка.

«Калі будзе адключаны па горадзе нават на 15 хвілінаў інтэрнэт хатні, офісны праз кабелі, то краіна апынецца ў цемры – ніхто не будзе ведаць ні што адбываецца ў Менску, ні што адбываецца ў рэгіёнах», – кажа Франак Вячорка.

Каб не пакінуць краіны ў цемры, дадае эксперт, медыі павінныя абʼяднацца.

Анастасія Русецкая, «Белсат»