Перадвыбарныя затрыманні не спыняюцца


Усё больш перашкодаў для правядзення сумленных выбараў: рэгістрацыю кандыдатаў улады адклалі на апошні магчымы тэрмін, затрыманні апанентаў працягваюцца. Ці вераць беларусы ў тое, што галасаванне пройдзе сумленна?

На агітацыю застанецца ўсяго 25 дзён. Імёны зарэгістраваных кандыдатаў на прэзідэнцтва Цэнтрвыбаркам абвесціць толькі 14 ліпеня – у апошні магчымы дзень.

«Рэзка абмежавалі колькасць месцаў, дзе можна весці агітацыю. Усё робіцца для таго, каб мінімізаваць магчымасці агітацыйнае кампаніі», – тлумачыць палітолаг Валер Карбалевіч.

Подпісы ў ЦВК здалі 7 чалавек: Віктар Бабарыка, які цяпер у СІЗА, Андрэй Дзмітрыеў, Ганна Канапацкая, Святлана Ціханоўская, муж якой за кратамі, а таксама Сяргей Чэрачэнь, Аляксандр Лукашэнка і Валер Цапкала. Больш за палову сабраных Цапкалам подпісаў улады палічылі несапраўднымі, таму са спісу патэнцыйных кандыдатаў яго выкраслілі. Але спіс можа скараціцца яшчэ.

«Магу прагназаваць, што хутчэй за ўсё Віктара Бабарыку не зарэгіструюць. Таму што нерэгістрацыя Цапкалы і рэгістрацыя Бабарыкі не мае ніякага сэнсу», – лічыць Валер Карбалевіч.

Ці беларусы вераць у тое, што 9 жніўня іхныя галасы падлічаць справядліва?

«Не ўпэўнены я, што ён будзе правільна залічаны – за таго, за каго я хачу прагаласаваць».

«Мяне, у прынцыпе, усё задавальняе, таму я веру і ў выбары, і ў тое, як усё гэта праходзіць».

«Не ведаю: залічаць – не залічаць. Мы ў гэтым не ўпэўненыя, ва ўсялякім выпадку».

«Надзея памірае апошняй. Ёсць надзея: а раптам! Цуды таксама бываюць!» – спадзяюцца жыхары Бабруйска.

Пра тое, колькі адсоткаў галасоў у каго будзе, выбарчая камісія паведаміць толькі раніцаю 10 жніўня. У дзень выбараў адчыняць інфармацыйнага цэнтру для журналістаў ЦВК не будзе. Сваю пастанову камісія тлумачыць пагрозай інфікавання каронавірусам. Беларускі інфармацыйны цэнтр грамадскія актывісты самастойна стварылі ў Кіеве.

«Яго галоўная задача – даваць інфармацыю пра тое, што адбываецца падчас гэтак званых выбараў у Беларусі, і ўкраінскаму грамадству, і ўкраінскім медыям. Гэта асноўная задача, бо ў Кіеве ўсе разумеюць, што сітуацыя ў Беларусі цяжкая», – кажа старшыня Руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.

18 асобаў папоўнілі спіс палітычных вязняў ад пачатку выбарчае кампаніі. Крымінальную справу за абразу міліцыянта распачалі і супраць анархіста Змітра Паліенкі. У яго ўдома правялі ператрус. Раніцаю Змітра Паліенку выклікалі ў суд і пакаралі 15 соднямі Арышту нібыта праз заклік да ўдзелу ў флэш-мобе.

«Яго не хацелі выпускаць з залі суда і не хацелі выпускаць з калідора, каб ён выйшаў на вуліцу. Гэта значыць, што загадзя было падрыхтаванае рашэнне суда пра тое, што Дзіма будзе адбываць адміністрацыйны арышт. Менавіта таму, калі Дзіма вырашыў пакінуць будынак суда, яны напалі на яго, напалі на мяне і вывезлі яго ў невядомым кірунку», – распавядае жонка Змітра Паліенкі Наста.

15 содняў пяты раз запар атрымаў лідар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец. За кратамі ён ужо месяц.

«Паўла ізноў перавялі ў карцар пару дзён таму. Гэта той жа карцар – маленькае памяшканне, вады няма, прагулкі не дазволеныя. Перадаюць перадачы, але кнігі, газеты, паперу, асадку – не. Жалезны зэдлік – і цэлы дзень сядзі на гэтым зэдліку», – паведаміла жонка Паўла Севярынца Вольга.

15 содняў арышту далі журналісту «Ганцавіцкага часу» Сяргею Багрову. 20 ліпеня ён здымаў, як міліцыя жорстка затрымлівае землякоў, што выйшлі пратэставаць супраць Арышту Віктара Бабарыкі. Сёння абласны суд пакінуў пастанову аб арышце ў сіле.

«Мы з’яўляемся зарэгістраванай Міністэрствам інфармацыі газетай. У стасунку да нас прынялі такія захады! Я дагэтуль разгублены і знаходжуся ў некаторым шоку!» – прызнаецца журналіст «Ганцавіцкага часу» Сяргей Багроў.

Афіцыйнае абвінавачанне выставілі сёння затрыманым на пачатку чэрвеня палітыку Мікалаю Статкевічу і блогеру Дзмітрыю Казлову, вядомаму як «Шэры кот». Абодвух абвінавачваюць у «арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак». Ім пагражае да двух гадоў зняволення.

Аляксандр Папко, «Белсат»