Перадвыбарчыя пагрозы ад Лукашэнкі


Да рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты – больш за месяц, аднак ужо цяпер Аляксандр Лукашэнка ў эфіры дзяржаўных тэлеканалаў заяўляе пра хлусню і кампрамат на сваіх супернікаў ды пагражае пакінуць іх без магчымасці працаўладкавання.

Галоўныя прынцыпы Аляксандра Лукашэнкі: ніколі не хлусіць і нікога не абражаць. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў, наведваючы Менскі трактарны завод. Ён зноўку назваў пандэмію каронавіруса ня менш палітыкай, чым хваробай, ды пахваліў высокія заробкі на МТЗ.

«На багатым Захадзе ўжо дзікае беспрацоўе, людзі рондалямі барабаняць, хочуць есці», – заявіў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы прайшоўся па сваіх патэнцыйных канкурэнтах, у тым ліку па банкіру Віктару Бабарыку, якога нібыта падтрымліваюць расейскія грошы.

«Я нікому нічога не прапаноўваў. А тым больш яму. Які ў яго досвед, каб быць прэм’ер-міністрам?.. Па-мойму гэта блеф, дробны блеф і падман», – паведаміў кіраўнік дзяржавы працаўнікам МТЗ.

Таксама ён заявіў, што жанчына ніколі не зможа стаць сапраўдным прэзідэнтам, і што па гарадах Беларусі ездзіць – цытата – «шалудзівы» на чужых машынах з чужым грамадзянствам, і ягоныя прыхільнікі атакуюць маладых міліцыянераў-пацанят.

Падобна, маецца на ўвазе блогер Сяргей Ціханоўскі, які не змог зарэгістравацца да ўдзелу ў выбарчай кампаніі, бо быў пад арыштам. Цяпер ён збірае подпісы за ўдзел у выбарах ягонай жонкі Святланы. А на былога кіраўніка Парку высокіх тэхналогіяў Валерыя Цапкалу ў Лукашэнкі нібыта ёсць свой кампрамат.

«Ён, праўда, хітруе, не кажа, за што прэзідэнт яго звольніў. Гэта вы ў яго спытаеце, чаму я яго звольніў. І яму потым не захочацца ісці на выбары. Але ён шчыра не скажа. Трэба нам будзе – скажам. Але не будзем займацца гэтым кампраматам», – заявіў Лукашэнка.

Як паказвае гісторыя папярэдніх выбараў, не варта чакаць ад вертыкалі ўлады чыстай палітычнай барацьбы, мяркуе філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч:

«Улады здольныя на правакацыі, шантаж, кампрамат, гвалт, і так далей. І скажыце, хто-небудзь можа ўявіць сабе, што Лукашэнка не будзе ўжываць такія дарагія для яго сродкі ціску?»

Валерый Цапкала, які сёння збіраў подпісы ў Менску, агучыць стратэгію перамогі ў такіх умовах пакуль не хоча.

«Сёння не глядзіце на пазіцыі кандыдатаў, а проста стаўце свае подпісы. У вас будзе дастаткова часу, каб потым вызначыцца, за каго вы аддадзіце свой голас», – сказаў «Белсату» ІТ-чыноўнік.

Сяргей Ціханоўскі завочна адказаў Лукашэнку, што мае адно грамадзянства. У празрысты падлік галасоў ён не верыць, але плану дзеянняў таксама пакуль не агучвае.

«Канкрэтна пакуль не магу сказаць, будзем з камандай вырашаць. Каманда нашая расце», – сказаў Ціханоўскі на пікеце ў Горадні.

Каб перамагчы дзейную ўладу, апазіцыі трэба сарваць яе сцэнар, мяркуе Уладзімір Мацкевіч. І не выключае мірнай аксамітнай рэвалюцыі.

«Гэта той сучасны спосаб адхілення ад улады аўтарытарных дыктатарскіх рэжымаў, які патрэбны Беларусі і ён цалкам магчымы. Але гэта рабіць трэба з розумам, і не спадзявацца, што гэта магчыма стыхійна», – падкрэслівае Мацкевіч.

І апошняя дэталь пра сённяшні візіт Лукашэнкі на МТЗ. Працаўнікі паведамілі «Белсату», што перад прыездам у тых, хто мусіў суправаджаць кіраўніка дзяржавы на заводзе, узялі тэсты на каронавірус – і знайшлі інфікаваных без сімптомаў. А на газонах і кустах белымі хустачкамі збіралі кляшчоў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»