Перадвыбарчы ціск мацнее


У сталічным гатэлі «Менск» затрымалі трох карэспандэнтаў тэлеканалу «Настоящее время»: Ірыну Рамалійскую, Юрыя Баранюка і Івана Грабянюка. Паводле папярэдняй інфармацыі, іх павезлі ў Маскоўскі РУУС. Прычына затрымання пакуль невядомая. Тым часам Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджанне парталу TUT.BY за распаўсюд «недакладнай інфармацыі, якая можа нанесці шкоду дзяржаўным ці грамадскім інтарэсам».

Арышт – за песню «Перемен!». Гукарэжысёры Кірыл Галанаў і Уладзь Сакалоўскі, якія напярэдадні на афіцыйнай імпрэзе ў Менску ўключылі хіт Віктара Цоя, атрымалі 10 содняў кожны.

«Кірыл – я быў вельмі ўражаны ягонымі паводзінамі. Ён абсалютна шчыра прызнаў, для чаго яны ўключылі гэтую музыку. Таму што яны не пагаджаліся з тым, што іх пазвалі ўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве. Яны лічылі, што гэтае мерапрыемства – гэта была падманка, каб людзі не ўдзельнічалі ў мерапрыемстве Ціханоўскай», – кажа адвакат Сяргей Зікрацкі.

У Магілёве на 10 дзён арышту за дробнае хуліганства асудзілі журналіста і праваабаронцу Аляксандра Буракова-старэйшага.

«Сябры, гэта была правакацыя ў стылі Ціханоўскага. Падышла жанчына, абаперлася на мяне і павалілася пад ногі, калі я выйшаў з каліткі гаражу РАУС. Мая машына на сёння вынятая для правярання VIN. Я не ведаю, на колькі – 10 дзён, месяц. І ўсё гэта зрабіў маёр Башарымаў», – гаворыць Аляксандр Буракоў.

Буракова-старэйшага затрымалі пазаўчора – маўляў, ягоная машына выкрадзеная. А потым здзейснілі правакацыю проста на выхадзе з аддзелу міліцыі. Так з’явілася падстава для суда, рашэнне на якім вынеслі без допыту пацярпелай.

«Па ўсёй краіне адбываецца затрыманне журналістаў, праваабаронцаў, назіральнікаў на выбарчых участках. Гэта ўсё сведчыць аб тым, што ўлада хоча зрабіць непразрыстымі так званыя выбары», – упэўнены юрыст БАЖ Алег Агееў.

Чарговы горад – і чарговы прысуд. У Бабруйску незалежнаму назіральніку Уладзіміру Мікалапу далі 7 дзён арышту – за непадпарадкаванне старшыні камісіі.

«Я зайшоў у фае школы і назіраў за працэсам знутры, проста лічыў людзей. За што і быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі», – распавядае Уладзімір Мікалап.

У Горадні сёння судзілі за роварны прабег, які адбыўся падчас акцыі салідарнасці 14 ліпеня. Сяргея Нікуліна пакаралі пяццю днямі арышту, а Яўгена Пякуцьку аштрафавалі на 405 рублёў.

«Ніякіх доказаў у іх не было. У нас не было ніякіх сцягоў, нічога такога, каб мы маглі праводзіць нейкае несанкцыянаванае мерапрыемства. Мы проста ехалі ў групе раварыстаў», – кажа Яўген Пякуцька.

«Абсалютна юрыдычна гэтыя прысуды абсурдныя. Выступ адваката выразна разбіў усё абвінавачанне. Але суддзя прыняў палітычнае карнае рашэнне», – сцвярджае праваабаронца Уладзімір Хільмановіч.

Напярэдадні вечарам у Гомлі адбыўся ператрус у доме даверанай асобы Святланы Ціханоўскай. Таццяну Канеўскую шукалі міліцыянты і АМАП.

«Адзін з амапаўцаў прапанаваў: а раптам вы тут труп хаваеце. І тады адзін з галоўных, палкоўнік Андрэй Баранец, сказаў: дакладна, шукаем труп. Раз вашай маці няма – значыць яна і ёсць прычынай злачынства», – апісвае дэталі ператрусу сын Таццяны Канеўскай Аляксандр.

У Берасці ж напярэдадні працаўнікі аддзелу барацьбы з эканамічнымі злачынствамі наведаліся ў краму з нацыянальнай сімволікай «Князь Вітаўт». У межах правярання яны канфіскавалі бел-чырвона-белыя сцягі, белыя бранзалеты і кепкі з Пагоняй.

«Мы ўсё ж такі думаем, што, канешне, гэта звязана і з палітычным становішчам у краіне, і з выбарамі. Таму што тры гады мы працуем – у нас такога не было», – гаворыць дырэктар крамы Алег Чапараў.

Еўразвяз заклікаў улады Беларусі не прымяняць сілы супраць мірных дэманстрантаў, вызваліць усіх затрыманых і гарантаваць правы кандыдатаў.

Анастасія Русецкая, «Белсат»