Пенсіянеры прасілі харчовую краму, а ім адчынілі рытуальныя паслугі


Замест прадуктовай крамы – рытуальныя паслугі. Змены зазналі ў адным з раёнаў Глыбокага на Віцебшчыне, большасць жыхароў каторага – пенсіянеры. Абураныя людзі звярнуліся ў райвыканкам.

«Час паміраць, але ж есці хочацца!»

Чакалі адкрыцця новай харчовай крамы – атрымалі… рытуальныя паслугі. Гэткую навіну жыхары вуліцы Максіма Горкага ды ваколіцаў у Глыбокім успрынялі як здзек:

«З пачатку веку тут была крама, дзе прадавалі і хлеб, і соль, і цукар, і ўсё, што трэба было. Цяпер прыдумалі труны прадаваць. Ды труну купім і за 20 кіламетраў, калі трэба. Як я памру – купяць!»

«Гэтая крама перажыла гады перабудовы, ёй 50 гадоў, гэтай краме! Заўсёды было шмат тавару, розны асартымент, ён задавальняў і дзяцей, і хатніх гаспадынь, і тых, хто працаваў!»

Крама Глыбоцкага Райспажыўтаварыства працавала ў будынку яшчэ 8 месяцаў таму. Аднак установу прызналі банкрутам. Да найбліжэйшае крамы – каля кіламетра. Адлегласць непасільная для сталых людзей. У раёне ж больш за 70 пенсіянераў, 11 з іх маюць інваліднасць.

«Усё жыццё купляла хлеб той, што мне трэба, а цяпер мне 90 гадоў, і не магу дайсці нават кавалка хлеба купіць!»

«За кавалкам хлеба трэба ісці. Няўжо людзі гэта заслужылі? Улады мусяць таксама крыху да пенсіянераў прыслухоўвацца. Людзей увогуле, не толькі пенсіянераў», – гавораць жыхары Глыбокага.

За адкрыццё на гэтым месцы новай кропкі продажу харчоў мясцовыя назбіралі 150 подпісаў ды накіравалі іх у райвыканкам. Жыхарка Глыбокага Ганна Вайцеховіч распавядае:

«Нам абяцалі, што калі краму хтосьці купіць, то будуць намагацца, каб яна была харчовай. І, калі прыватнік адкупіць, то будзе харчовая крама».

Між тым нашаму тэлеканалу ў Глыбоцкім райвыканкаме паведамілі, што за абяцанні мясцовыя ўспрынялі няспраўджаныя спадзяванні. Прымусіць пакупніка змяніць сферу дзейнасці чыноўнікі не могуць.

Іна Голуб, старшыня аддзелу эканомікі Глыбоцкага райвыканкаму:

«Былі адкрытыя гандляванні, усё было легалізавана, і ўсе маглі ведаць загадзя, аднак, на жаль, заявак з боку прадпрымальнікаў, што рэалізоўваюць харчы, не паступала».

Паўплываць на сітуацыю цяпер не можа і новая ўласніца крамы. Ганна Парпуц, уласніца крамы на вуліцы М. Горкага:

«Краму я набыла ў крэдыт. Калі атрымлівала крэдыт, распрацоўваўся бізнес-план. Бізнес-план распрацоўваўся менавіта пад рытуальныя паслугі. Нават цяпер пры вялікім маім жаданні я нічога не магу зрабіць, бо банк выставіць штрафныя санкцыі».

Каб забяспечыць неабходнымі харчамі пенсіянераў, чыноўнікі зарганізавалі ў раён прыезд два разы на тыдзень аўталаўкі. Аднак мясцовыя гэткім рашэннем не задаволеныя, бо лічаць, што іхных інтарэсаў папросту не ўлічылі:

– Як вам не сорамна, сябры, што вы на гэтую міну згоду далі? Бо з гэтай крамай вы, сябры, сваё сумленне і давер людзей назаўжды прадалі.

– Правільна!

Юлія Лабанава, belsat.eu