Пенсіянеры на мяжы галечы масава ідуць працаваць


Пра абяцанне павысіць працоўныя пенсіі беларусы на заслужаным адпачынку чулі з пачатку 2016-га года. І вось нарэшце дачакаліся.

«Я гэта ўспрымаю як здзек з мяне!», – кажа міначка.

Здзекам, адна з апытаных «Белсатам» пенсіянерак назвала менавіта памер павышэння. А яна складзе ў сярэднім Br 14. Такім чынам, паводле Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, узровень сярэдняй пенсіі ў Беларусі дасягне амаль Br 300.

«Вельмі ўсё дорага каштуе, таму гэта нішто. Усё ж даражэе далей, кожны дзень».

«Я думаю, што гэта мала. Ну як у мяне яшчэ надбаўкі розныя, дык яшчэ нармальна, а тым у каго пенсія меншая… гэта мала».

«Гэта неадэкватна. Таму кошты растуць, на жаль, значна хутчэй, чым пенсіі».

– мяркуюць жыхары Менску.

Пенсіі становяцца больш перад выбарамі і рэферэндумамі

Апошні раз пенсіі павялічвалі летась. Што сімвалічна, перад прэзідэнцкімі выбарамі. Але як абяцаюць ва ўрадзе, у наступным годзе да пенсіянераў будзе больш увагі, бо падвышкі ў бюджэце запланаваныя двойчы – 5 % штораз. А на фоне апошніх размоваў пра магчымы рэферэндум для Лукашэнкі, аналітыкі не выключаюць, што і пенсіянераў улады захочуць залагодзіць нават больш, чым абяцаюць.

«Прэзідэнт ужо пачаў такую кампанію. Ён ужо кажа «вернем усім па $ 500, адродзім прамысловасць» – таму хутчэй за ўсё штосьці падобнае і пенсіянерам паабяцаюць», – упэўнены Уладзімір Кавалкін, кіраўнік праекту «Кошт ураду».

Пенсіянер? Няма грошай? Ідзі працаваць!

Пакуль жа, вялікая колькасць пенсіянераў нягледзячы на ўжо заслужаны адпачынак, працягвае працаваць, зарабляючы на годнае жыццё. Паводле Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у Беларусі працуюць прыкладна 660 тысячаў асобаў пенсійнага веку. Адметна, што яшчэ 6 гадоў таму такіх было амаль у два разы менш. Тыя ж, хто не працуе і атрымлівае цяпер Br 200-300 рублёў, застаюцца ў цяжкой сітуацыі. Бо толькі сёлета рост коштаў складзе каля 15-20 %.

«Тыя пенсіянеры, якія жывуць на мінімальную пенсію, могуць трапіць у катэгорыю тых асобаў, якія жывуць каля мяжы беднасці, ці ўжо за рысай беднасці», – зазначае спадар Кавалкін.

Адметна, што нават тыя пенсіянеры, што знаходзяць сілы працаваць, напэўна не пахваляцца заможным жыццём. Бо галіны, у якіх застаецца найбольш асобаў пенсійнага ўзросту, – гэта адукацыя, сацыяльныя паслугі ды ахова здароўя – а значыць, тыя, дзе найменшыя заробкі ў краіне.

Юрый Салодкі, «Белсат»