Пенсіянеры: дармаедскі збор – новае раскулачванне


Прывітанне з савецкіх часоў – беларусы працягваюць параўноўваць падатак на дармаедства з практыкаю папярэдніх уладаў. Сталыя людзі ўзгадваюць паборы літаральна з усяго і на ўсё – садавіну, малочныя харчы ды нават самотнае жыццё. Цяперашнім чыноўнікам ёсць з каго браць прыклад і дзе шукаць натхнення.

У лепшых традыцыях савецкага саюзу

Беларускія ўлады настойліва нагадваюць беспрацоўным, што някепска было б сплаціць падатак «на дармаедства». А Уладзіслаў Ляскоўскі, 84-х гадовы жыхар Шаркаўшчыны, дазнаўшыся пра гэты падатак, адчувае пэўнае дэжа-вю: за сталінскімі часамі палітыка раскулачвання і бязглуздыя падаткі працягваліся нават у галодныя пасляваенныя гады.

«Ужо людзям не было чаго прадаць, і толькі адзін чалавек на раён змог выплаціцца. А хто не выплаціў – камісія апісвала маёмасць, зямлю абразалі па вуглы хаты, усю абстаноўку забіралі, заставаліся толькі людзі», – узгадвае страшныя часы Уладзіслаў Ляскоўскі, жыхар пасёлку Шаркаўшчына.

Вяскоўцы, што трымалі гаспадарку, мусілі аддаваць калгасу зерне, масла ды яйкі, калі трымалі авечак – то мусілі аддаваць і поўсць. Падаткі існавалі нават на садовыя дрэвы.

«Нельга было зрубіць яблыню, калі яна была, таму людзі ціха кіпень падлівалі, соль сыпалі, каб яблыня сохла, бо быў вялікі падатак на яблыні, сады маглі трымаць толькі багатыя людзі, а бедныя вось так рабілі», – здзіўляе ўспамінамі Марыя Юрык, суседка спадара Ляскоўскага.

Парупілася дзяржава і пра падатак на жонку і дзяцей, а дакладней – іх адсутнасць

«Калі ты не жанаты, або жаніўся, але дзяцей у цябе не было, трэ было плаціць халасцяцкія, 18 год – ты ўжо дарослы, плаці халасцяцкія», – сведчыць Эдуарда Салавей.

Краязнаўца Уладзімір Скрабатун з сумам адзначае: падатак на дармаедства – спадчына савецкае ўлады.

«Гэта ў каранях савецкай улады: пры бальшавіках таксама была прадразвёрстка, абіралі народ. Мне здаецца, гэта ў самай крыві гэтай улады», – тлумачыць краязнаўца.

З дармаедствам барацьба ў савецкім саюзе вялася ажно да самага яго распаду

Закон «Аб занятасці насельніцтва» быў прыняты толькі ў у 1991 годзе, і ён фактычна прызнаў праблему беспрацоўя. Зараз жа беларускія ўлады на адсутнасць працы папросту заплюшчваюць вочы: паводле афіцыйных дадзеных, беспрацоўных у краіне 44 тысячы, а дармаедаў – 470 тысяч, то бок у дзесяць разоў больш.

Настасся Храловіч, «Белсат»