Пенсіянерку з Маршу абураных беларусаў цягалі за валасы ў міліцыі


Збіць пратэставы настрой грамадзянаў, незадаволеных дэкрэтам № 3, улады спрабуюць рознымі спосабамі. На Гарадзеншчыне вяскоўцаў, якія займаюцца гаспадаркаю, пачалі вызваляць ад аплаты збору. А ў Рагачове апазіцыйнаму актывісту чыноўнікі нават прапанавалі работу. Але больш звыклымі застаюцца ўсё ж запалохванне і затрыманні міліцыяй.

Скардзішся на міліцыю? Беражыся!

Выклікам хуткай дапамогі скончыўся візіт пенсіянеркі Галіны Лагацкай у РАУС Маскоўскага раёну. Жанчыну выклікалі праз тэлефон, каб скласці пратакол за ўдзел 17-га лютага ў маршы абураных беларусаў. У міліцыі ж спадарыня Галіна сутыкнулася з агрэсіўнымі паводзінамі працаўнікоў: яе сілком выцягнулі з кабінету намесніка начальніка РАУС, якому яна захацела паскардзіцца.

«Мяне ў 57 год за валасы цягалі, дурай абазвалі, маты-пераматы, я была ў жахлівым стане, і канчаткова страціла надзею на тое, што нешта чалавечае ў супрацоўніках міліцыі ў нашай краіне засталося», – дзеліцца Галіна Лагацкая.

Грошы ёсць? А калі знайду?

З неадпаведнымі паводзінамі міліцыянтаў сёння таксама сутыкнуўся актывіст АГП і арганізатар акцыяў пратэстаў супраць гэтак званага падатку на дармаедства на Берасцейшчыне Аляксандр Кабанаў.

На вачах міліцыянтаў да Кабанава пачаў чапляцца агрэсіўны мінак. Затрымалі абодвух, а неўзабаве адпусцілі. Але праз некалькі гадзінаў актывіста затрымалі паўторна – паводле міліцыянтаў, на яго паступіла скарга, што ён хуліганіў і лаяўся. У выніку на Кабанава склалі пратакол. Разгляд справы ў судзе прызначылі на наступны чацвер.

Рэпрэсаваныя атрымаюць кампенсацыю і юрыдычную дапамогу

Паводле праваабаронцаў, па краіне як мінімум 18 асобаў ужо выклікалі ў міліцыю за ўдзел у акцыях пратэсту. Такую лічбу агучыў у адмысловай заяве аргкамітэт кампаніі «Мы не дармаеды».

Аргкамітэт кампаніі «Мы не дармаеды» абвесціў збор сродкаў на кампенсацыю ўсіх штрафаў актывістам ды абяцаў ім юрыдычную дапамогу. А для ўладаў найлепшым рашэннем пратэстоўцы лічаць адмену дэкрэту.

«Калі яны пойдуць на сілавы варыянт, гэта можа выклікаць яшчэ большую хвалю абурэння, людзі якія выходзяць зараз і так моцна незадаволеныя, калі яны ўбачаць што права на мірны пратэст падаўляецца, можа прыйсці яшчэ больш людзей», – упэўнены Юрый Губарэвіч з Руху «За Свабоду».

Падштурхнуць да пратэстаў можа вопіс маёмасці неплацельшчыкаў

Пачацца такая працэдура можа з 1-га ліпеня, але некаторыя атрымальнікі гэтак званых «лістоў шчасця» сцвярджаюць, што апісваць маёмасць да іх ужо прыходзілі. Але калі няма працы, то і плаціць няма чым.

Найбліжэйшыя акцыі недармаедаў, апроч нядзельнай у Берасці, адбудуцца 10-га сакавіка – у Маладзечне, 11-га – у Пінску, 12-га – у Бабруйску, Воршы і Рагачове.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»