Аб'ектыў 18.10.2018 Пенсіянераў на Віцебшчыне ганяюць у «Даліну смерці»


Ехаць за 35 кіламетраў, каб адчыніць «бальнічны». Можна аўтобусам, які едзе толькі раніцаю і ўвечары, а можна на ровары, каб не быць прывязаным да раскладу. Гэта – магчымая рэчаіснасць жыхароў пасёлку Багушэўск, дзе, паводле розных меркаванняў, шпіталь неўзабаве альбо пераробяць на дзённы стацыянар, альбо зачыняць. Вяскоўцы, якіх такія перспектывы не цешаць, зладзілі стыхійны мітынг.

«Засталося прыбраць адсюль чыгунку і аптэку – і будзем паміраць як у канцлагеры».

Віцебшчына, гарадскі пасёлак Багушэўск з насельніцтвам 2,5 тысячы чалавек. Днямі тут пачала разыходзіцца інфармацыя, што мясцовы шпіталь пачне працаваць у рэжыме дзённага стацыянару. Людзі баяцца, што не змогуць атрымаць усіх медычных паслугаў, таму ім давядзецца ездзіць за 35 кіламетраў у райцэнтр.

Жыхары Багушэўску:

«Штосьці здараецца, то нас адразу гоняць у Сянно – у «Даліну смерці». Сянно называюць «Даліна смерці»!»

«Там 5 ці 6 год ідзе рамонт! Антысанітарыя поўная! Бяруць кроў, а побач нешта дзяўбаюць!»

Аднак праблема не толькі ў гэтым: да Сянно трэба яшчэ даехаць. Аўтобус жа туды ідзе толькі двойчы на дзень. Жыхарка Багушэўску распавядае:

«У Сянно раніцай ідзе аўтобус, а вяртаецца адтуль у 17.40. Гэта я цэлых 12 гадзін мушу правесці ў Сянно! Пенсіянерка!»

Неабыякавыя да сітуацыі людзі самі арганізаваліся для размовы з кіраўніцтвам шпіталю. Але размаўляць з імі ніхто не стаў. Акурат у гэты час галоўны доктар Сенненскай раённай больніцы, часткаю якой ёсць Багушэўская, сустракаўся з падначаленымі. Ігар Мізаўцоў, галоўны доктар раённай больніцы г. Сянно:

«Я нічога не вырашаю. Я выканаўца, такі ж самы як і ўсе астатнія».

Агучыць свае пытанні вяскоўцы паспрабавалі па тэлефоне чыноўнікам з сельсавету:

«Балаган ніхто улаштоўваць не будзе!»

Аднак уцямных адказаў таксама не атрымалі.

Як стала вядома «Белсату», на наступны дзень пасля стыхійнага мітынгу прадстаўнікі ўладаў усё ж сустрэліся з жыхарамі Багушэўску. Іх запэўнілі, што праблемы ў тым, што шпіталь працаваць у рэжыме дзённага стацыянару, няма. Увесь спектр паслугаў нібыта па-ранейшаму можна будзе атрымаць у родным пасёлку. Мы будзем сачыць за развіццём падзеяў.

Міхась Ільін, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары