Пенсіянер у канвееры


80-гадовы гарадзенец Мікалай Мікалаевіч Ёрш палітыкай ніколі асабліва не цікавіўся. Аднак пакаранне за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ўжо мае.

Выйшаў на вуліцу спадар Мікалай пасля забойства Рамана Бандарэнкі, з ягоных словаў, як чалавек дапытлівы ён захацеў на свае вочы пабачыць, што дзеецца ў горадзе.

«Безумоўна, я адгаворвала, казала: не хадзі. Але яго пераканаць немагчыма», – кажа жонка пенсіянера, спадарыня Станіслава.

Затрымалі спадара Мікалая амапаўцы 15 лістапада падчас мірнай акцыі памяці Рамана Бандарэнкі.

«Хто табе даў права, праўнучак ты мой, піхаючы мяне ў каршэнь і разарваўшы куртку абражаць мяне і крычаць: ідзі, старык?», – абураецца Мікалай Ёрш.

Ноч да суда затрыманы правёў у ізалятары часовага ўтрымання.

«Я званіла ў апорны пункт, нумары знайшла. Мне сказалі, што так, яго забралі, потым казалі, што нібыта ў Слонім павезлі. Божа мой, старога чалавека, куды вы яго дзелі, дзе мне яго знайсці?!», – распавядае спадарыня Станіслава.

Суд пакараў Мікалая Ярша штрафам, не зважаючы ні на ўзрост, ні на тое, што пенсіянер ніколі не меў праблемаў з законам.

«Мне ўляпілі 270 рублёў страху, я падкрэсліваю – не штрафу, а страху», – іранізуе спадар Мікалай.

Праваабаронца Раман Юргель задаецца пытаннем, ці абавязкова было затрымліваць і штрафаваць сталага чалавека:

«Гэты чалавек нічога не трымаў у руках, ніякай зброі, ніякага дручка, не паводзіўся агрэсіўна, то асабістаму складу міліцыі трэба было разабрацца, паглядзець, што, як, і маглі яго і адпусціць, папярэджаннем вусным абысціся на месцы ці як прывезлі ў РАУС».

Жонка спадара Мікалая зразумела памкненне мужа выйсці на вуліцу, яе таксама абурыла забойства Рамана Бандарэнкі:

«У мяне такое адчуванне, што ў нашым АМАПе хлопцы-найміты. Я не магу паверыць у тое, што беларус б’е беларуса. На што гэта падобна? Гэта здзек».

Падчас нядзельнага маршу памяці Рамана Бандарэнкі, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», па ўсёй Беларусі затрымалі амаль 1300 чалавек, шмат каго – брутальна збіваючы.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»