Пенсіянер галадуе супраць брутальных затрыманняў


Незвычайны ліст атрымала рэдакцыя Белсату ад бабруйскага пенсіянера Уладзіміра Гайдукевіча. 70 летні мужчына, абураны цытата: «незаконнымі рэпрэсіямі і арыштамі ў дачыненні да найлепшых людзей Беларусі», абвесціў 15-ці дзённую галадоўку.

Нашая здымачная група вырашыла наведаць Уладзіміра Максімавіча.

Чалавек да справаў грамадскіх неабыякавы

Быў назіральнікам, падчас выбараў. Летась накіроўваў скаргу ў Адміністрацыю прэзідэнта, з фактамі аб марнатраўстве мясцовымі ўладамі на $ 100 тыс. пры пабудове двух манументаў. Цяпер жа мужчына не можа бясчынна назіраць за тым, што адбываецца ў краіне.

«Так званая выканаўчая ўлада пачала хапаць невінаватых людзей, цягаюць іх нават за валасы, абыходзяцца з імі па-нялюдску. І людзі, якія асуджаныя да содняў, некаторыя абвесцілі галадоўкі. я – у знак падтрымкі, што і я – дзед, 70 гадоў, магу таксама пагаладаць 15 содняў», – тлумачыць спадар Гайдукевіч.

Пенсіянер галадуе разам з Максімам Філіповічам

Сёння ўжо ідуць 9-ыя содні галадоўкі спадара Уладзіміра, акцыю пенсіянер распачаў яшчэ 13-га сакавіка. 9-ыя содні галадае і гомельскі відэаблогер Максім Філіповіч, адзін з тых, з кім і абышліся не па-людску. Мужчына адбывае 13-ці дзённы адміністратыўны арышт за ўдзел у маршы недармаедаў 19-га лютага. На заўтра яму прызначаны суд за яшчэ адную акцыю – 5-га сакавіка ў Берасці.

Усяго на соднях больш за 80 асобаў, спіс пастаянна папаўняецца.


Відэазварот, які спадар Уладзімір запісаў на 7-мыя содні галадоўкі, у інтэрнэце прагледзелі ўжо больш за 20 тысячаў асобаў. А на пытанне, ці не баіцца помсты ўладаў за актыўную пазіцыю, пенсіянер кажа, што баяцца яму няма чаго.

Ігар Кулей, «Белсат»