Пенсійная надбаўка «не для папулізму»


Дабаўку да пенсіяў беларусы мелі атрымаць у чацвёртым квартале, аднак атрымаюць – ужо ў ліпені. Адпаведнае рашэнне прыняў Аляксандр Лукашэнка, спасылаючыся на гэткія просьбы людзей на ягоных пікетах для збору подпісаў.

«У нас крыху ёсць грошай. Мы мусім ветэранам, пенсіянерам дапамагчы. Наколькі гэта магчыма. Гэта не папулізм, не дзеля нейкіх выбараў, я ніколі гэтага не рабіў… Але калі ветэраны, пенсіянеры ўздымаюць пытанне, хоць $ 10–20, але трэба дадаць зараз, каб вам было лягчэй», – сказаў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Напярэдадні ж нібыта не для ўласнага рэйтынгу і падтрымання электарату Аляксандр Лукашэнка паабяцаў павысіць заробкі ўдвая. Як гэтыя абяцанні ўспрынялі беларусы?

«Шмат якія прадпрыемствы проста стаяць без працы. Якое можа быць падвышэнне?»

«На кагосьці, думаю, гэта падзейнічае, а хтосьці зразумее, што гэта ўсяго толькі перадвыбарчая гульня».

«Дастаткова было абяцанняў, народ усё бачыў, што ажыццявілася. Ужо веры няма».

«Яму нічога не дапаможа».

Паводле плану ўраду, падвышэнне пенсіяў запланаванае з разлікам росту сярэдняга заробку ў краіне і мае складаць не менш за 40 адсоткаў ад яго. Абяцаная надбаўка шэсць адсоткаў урэшце наблізіць пенсійныя выплаты да гэтага паказніка. Аднак наколькі павышэнне абгрунтаванае?

«Прадуктыўнасць працы падае. Гэта азначае, што тое, што робіцца, гэта фактычна абмежаваны друк грошай – гэта выкліча інфляцыю», – мяркуе эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Адпаведна – давядзецца чакаць росту коштаў, а не заробкаў. Паводле Станіслава Івашкевіча, перспектывы эканамічнага росту на наступную пяцігодку не аптымістычныя: Беларусь ужо згубіла прыбытак ад продажу нафтапрадуктаў з расейскай нафты ды часткова – экспарту на тамтэйшы рынак.

«На сёння, аднак, Расея лічыць, што яны ўжо заплацілі, і прычым не аднойчы, за тое, каб Беларусь учыніла яўныя крокі далучэння да Расеі, і ў выпадку, калі гэтага не будзе, то наўрад ці мы ўбачым расейскія субсідыі ў такіх аб’ёмах, як яны былі раней», – кажа эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

У траўні сярэдні памер пенсіяў у Беларусі склаў 432 рублі, або 181 долар ЗША ў эквіваленце. Прычым на пачатку года сярэднестатыстычны беларускі пенсіянер атрымліваў 445 рублёў, што тады складала каля двухсот пятнаццаці долараў ЗША.

Юлія Лабанава, «Белсат».