Аб'ектыў 01.10.2018 Пенсіі заплоцяць за кошт бальніц і дзіцячых садкоў


У Дзень сталых людзей – традыцыйныя бясплатныя кансультацыі з юрыстамі. Якімі праблемамі жывуць тыя, каму за шэсцьдзесят?

Жыхары Менску распавядаюць:

«Я прадала кватэру вельмі танна сяброўцы, і мы пасварыліся. А цяпер збіраецца яна вяртаць грошы ці не – я не ведаю».

«Сын, вы разумееце, зрабіў такую падлянку – прыпісаў сваю дачку і хоча цяпер мяне выгнаць з гэтай кватэры».

У Беларусі больш за два мільёны сталых людзей, пры тым пераважная бальшыня з іх – жанчыны, і толькі траціна яшчэ жыве ў вёсцы. І, можа падацца нечаканым, кожны трэці беларус сталага веку – ужо актыўны інтэрнэт-карыстальнік.

Пры гэтым дзякуючы дзецям і насуперак дзяржаве. За сярэднюю пенсію 360 рублёў можна думаць толькі, як пражыць плюс цукерка для ўнукаў. Але не лепш і апошнім – на аднаго пенсіянера прыпадае менш за дзве працаздольныя асобы. А гэта вельмі мала, каб і пенсіянер, і эканоміка пачуваліся ў здаровым тонусе. Уладзімір Кавалкін, праект «Кошт урада»:

«У кароткай перспектыве ўсе гэтыя пенсіянеры, якія цяпер выйшлі на пенсію, яны безумоўна атрымаюць. Але за кошт таго, што дзіцячым садкам і больніцам грошай будзе менш, толькі праз тое, што трэба выплаціць пенсіянерам грошы».

Пры гэтым такая дэмаграфічная яма была прадказальная дзясяткі гадоў таму, але паўнавартаснай пенсійнай рэформы не адбылося, а таму цяпер надзея можа быць на стратэгію, як выкарыстаць вялікую колькасць людзей сталага веку з карысцю для эканомікі. Сёння чыноўнікі актыўна абмяркоўвалі гэта ў Менску на канферэнцыі доўгажыхарства.

Але ўжо 10 гадоў на практыцы такі падыход рэалізуе няўрадавы праект з Горадні «Універсітэт залатога веку». Ларыса Кіркевіч, старшыня рады Ўніверсітэту залатога веку:

«Пенсіянеры могуць быць вытворцамі, могуць быць спажывальнікамі. Кансультантамі, экспертамі… То бок можна іх выкарыстоўваць у шмат якіх кірунках».

Але колькасць месцаў тут, як і наагул такіх праектаў па краіне, абмежаваная. Платных курсаў не пацягне пенсія. Таму даследнікі прапануюць новы падыход. Ірына Новік больш за 20 гадоў працавала інжынерам і выкладчыцай у Газ-Інстытуце. Але пасля сарака зрабіла сабе «прышчэпку» ад старасці – навучылася новай спецыяльнасці, і цяпер яна рэдактарка на гарадзенскім навінным партале. Ірына Новік, рэдактарка HRODNA.LIFE:

«Ва ўзросце за сорак трэба задумацца, што рабіць бліжэйшыя гадоў 20. І я адчувала, што ёсць патэнцыял і жаданне раскрыцца з іншага боку. І гэта быў шанец».

Якім важна скарыстацца своечасова.

Алесь Залеўскі, belsat.eu

Фота: Michael Scott / Caters News / FORUM

Глядзі таксама
Каментары