Аб'ектыў 27.04.2018 Пенсіі павялічваюцца, а пенсіянеры бяднеюць


У Беларусі павялічваюцца пенсіі. Ад першага траўня выплаты людзям, якія выйшлі на законны адпачынак паводле ўзросту, павялічацца амаль на 5 з паловай адсоткаў. Рост пенсіяў у Беларусі істотна адстае ад заробкаў. Але, нягледзячы на гэта, пенсійны фонд – па-ранейшаму ў вялікім мінусе. Куды ж знікаюць нашыя пенсійныя адлічэнні?

Рост пенсіяў, нарэшце, абгоніць інфляцыю. Прынамсі, часова. З наступнага месяца, выплаты пажылым беларусам павялічацца амаль на пяць з паловай адсоткаў.

У красавіку, з улікам інфляцыі, пенсіі былі на долю адсотка ў мінусе, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Па выніках мінулага года пенсіі выраслі на няпоўныя 6 адсоткаў, а кошты – роўна на 6 адсоткаў. То бок і летась, у рэальным выразе пенсіі, хоць і нязначна, але зменшыліся.

Між тым, летась, рэальны заробак, гэта значыць, з улікам інфляцыі, павялічыўся, паводле афіцыйнай статыстыкі, амаль на 13 з паловай адсоткаў. Сёлета, па выніках першага кварталу – на столькі ж. То бок, паступленні ў пенсійны фонд растуць у разы хутчэй, чым выплаты з яго. У дадатак, улады павялічылі пенсійны ўзрост і мінімальны працоўны стаж. Але, нягледзячы на ўсё гэта, паводле вынікаў мінулага года, пенсійны фонд Беларусі заставаўся ў глыбокім мінусе. Амаль гэткім жа, як і ў 2015-м годзе.

«Рэальны дэфіцыт Фонду сацыяльнай абароны перавышае перавышае мільярд беларускіх рублёў, або больш за 8,5 % да выдаткаў гэтага фонду», – кажа аналітык BUSINESSFORECAST.BY Аляксандр Муха.

Улады тлумачаць гэта дэмаграфічнымі чыннікамі. Маўляў, насельніцтва старэе, і таму адлічэнняў працоўных не хапае на выплату пенсіяў.

«З кожным годам, хоць пакрысе, але ўсё менш становіцца працоўных людзей, якія ўтрымліваюць пенсіянераў», – сцвярджаў два гады таму Аляксандр Лукашэнка.

Адмыслоўцы прызнаюць, што дэмаграфічная праблема ў Беларусі існуе. Цэнтр эканамічных доследаў БЕРОК прадказваў крызіс беларускай пенсійнай сістэмы, але толькі пасля 2030-га года. Але да 2015 года пенсійны фонд быў увесь час у плюсе і меў заставацца прафіцытным яшчэ доўгі час. Рэзкі і нечаканы яго правал у дэфіцыт здарыўся тады, калі Беларусь сутыкнулася з вострай фазай свайго эканамічнага крызісу і, як вынік – скачком беспрацоўя.

«Здарыўся дастаткова істотны адток працоўнай сілы ў замежныя краіны, і беларусы, будучы працоўнымі мігрантамі, у гэтым выпадку не ажыццяўляюць плацяжоў у Фонд сацыяльнай абароны», – тлумачыць аналітык Аляксандр Муха.

Адмыслоўцы тлумачаць – адзіны спосаб развязаць крызіс беларускай пенсійнай сістэмы гэта – вярнуць краіну да ўстойлівага эканамічнага росту пры дапамозе рынкавых рэформаў. Бо пры існай сістэме, хоць эканоміка і вырасла летась на два з паловай адсоткі, пенсійны фонд застаўся на 360 мільёнаў рублёў у мінусе. Адмыслоўцы прагназуюць, што пры захаванні існага курсу пенсіянеры працягнуць штогод бяднець, а, пры гэтым, пенсійны фонд будзе вымагаць усё большых дадатковых субсідыяў з боку бюджэту.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары