Пенсіі падвышаюць, а яны ўсё роўна падаюць


Новае падвышэнне пенсіяў стане ўжо трэцім за сёлета, але заробкі ды пенсіі ў доларавым эквіваленце ўпалі за гэта год на 7 %.

Да канца года беларускі ўрад хоча падвысіць пенсійныя выплаты на 5 %. І гэта пры тым, што сёлета пенсіі ўжо павышаліся двойчы.

У Беларусі налічваецца больш як два з паловаю мільёны пенсіянераў, а сярэдняя пенсія ў жніўні склала крыху больш за Br 360 рублёў.

Паводле Белстату, сярэдні памер працоўных пенсіяў няспынна расце. Толькі сёлета выплаты павышалі двойчы. Аднак памер пенсіяў дасюль па-ранейшаму не дацягвае нават да абяцанага ўладамі ўзроўню 40 адсоткаў ад сярэдняга заробку.

«У 90-ыя гады суадносіны заробкаў і пенсіяў было 46–48 %. Зараз збіраюцца зрабіць 40 %. Гэта забаўна. Хлопцы, вы тры крокі назад зрабілі», – кажа эканаміст Леанід Заіка.

Апроч таго, нягледзячы на рост ВУП – асноўнага эканамічнага паказніку – працягваецца абясцэньванне рубля.

«Адбываецца дэвальвацыя беларускага рубля – заробкі ды пенсіі ў доларавым эквіваленце ўпалі амаль на 7 %», – працягвае Леанід Заіка.

А абяцанае ўрадам павышэнне пенсіяў не адпавядае нашым эканамічным магчымасцям, адзначае Леанід Заіка.

Дык навошта ж тады абяцаць? Можа, прычына ў прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах, якія запланаваныя на ўжо недалёкі 2020 год?

«Напярэдадні прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ўлады заўсёды імкнуліся задобрыць электарат, падымаць і заробкі, і пенсіі. Таксама даволі часта, як гэта было ў 2010-м годзе, проста напампоўваць эканоміку пустымі грашыма», – дадае палітолаг Алесь Лагвінец.

Пенсіянерам з такою эканомікай застаецца толькі ашчаджаць.

Пра тое ж, што пенсійны фонд працягвае спусташацца, сведчыць паступовае падвышэнне ў Беларусі пенсійнага ўзросту. Ужо ў 2022 годзе мужчыны будуць выходзіць на пенсію ў 63 гады, а жанчыны – у 58.

Сцяпан Святлоў